2018-01-29 13:25:00

Пантыфік выдаў канстытуцыю аб касцёльных універсітэтах


Францішак заклікаў каталіцкія вышэйшыя навучальныя ўстановы здзейсніць сапраўдную “культурную рэвалюцыю”, быць больш місійнымі, здольнымі весці дыялог з грамадствам, развіваць міждысцыплінарны характар і ствараць сеткі супрацоўніцтва ў свеце. Аб гэтым гаворка ідзе ў апублікаванай 29 студзеня 2018 г. новай Апостальскай канстытуцыі “Veritatis gaudium”, аб касцёльных універсітэтах і факультэтах. 

Пантыфік нагадаў, што евангелізацыя з’яўляецца прыярытэтам у сучасным жыцці Касцёла і ёй павінна служыць абнаўленне ўсёй сістэмы касцёльнай вышэйшай адукацыі. Навучальныя ўстановы павінны не толькі станавіцца месцамі фармацыі прэзбітэраў, кансэкраваных асобаў і свецкіх касцёльных супрацоўнікаў, але быць “культурнымі майстэрнямі”, у якіх Касцёл займаецца інтэрпрытацыяй рэчаіснасці праз прызму Евангелля. 

Паводле Святога Айца, сетка касцёльных вышэйшых навучальных устаноў павінна несці закваску для здзяйснення “адважнай культурнай рэвалюцыі”, быць “соллю і святлом Евангелля Езуса Хрыста і жывой Традыцыі Касцёла, заўсёды адкрытай на новыя сцэнарыі і прапановы”. Папа звярнуў увагу на важнасць фарміравання лідэраў, здольных указваць шлях у кантэксце глыбокіх перамен нашай эпохі, антрапалагічнага і экалагічнага крызісу, і змяняць існуючую мадэль развіцця.

Францішак указаў на чатыры галоўных крытэрыі для абнаўлення касцёльнай сістэмы вышэйшай адукацыі: місіянерская ідэнтычнасць, адкрытасць на дыялог, міждысцыплінарнасць і стварэнне сеткі супрацоўніцтва ў свеце, не толькі з каталіцкімі структурамі, але і свецкімі, і іншых рэлігійных традыцый, каб вывучаць праблемы глабальнага значэння і знаходзіць шляхі іх рашэння. 

Касцёльныя навучальныя ўстановы павінны не толькі перадаваць веды для сучаснікаў, якія жадаюць узрастаць у сваім знаёмстве з хрысціянствам, але таксама распрацоўваць інтэлектуальныя прылады і прапанаваць іх у якасці парадыгмаў дзейнасці і мыслення, карысных у свеце, дзе пануе этыка-рэлігійны плюралізм, лічыць Святы Айцец. 

Апостальская канстытуцыя “Veritatis gaudium” павінна стымуляваць касцёльныя навучальныя ўстановы да адказу на новыя праблемы, якія існуюць у свеце. Яна выйшала праз 39 гадоў пасля канстытуцыі св. Яна Паўла ІІ “Sapientia christiana”, прысвечанай аналагічнай тэме.








All the contents on this site are copyrighted ©.