2018-01-30 14:46:00

Святы Айцец: галодныя больш не могуць чакаць


Тыя, хто пакутуе ад голаду больш не могуць чакаць, падкрэсліў Францішак у пасланні за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна, якое накіраваў да ўдзельнікаў 30-га саміта Афрыканскага Саюза. Арганізаваны ў супрацоўніцтве з Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыяй ААН (ФАО) форум пачаўся 29 студзеня 2018 г. у сталіцы Эфіопіі Адыс-Абебе. У ім прымаюць удзел кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў 55 краін афрыканскага кантынента.

Святы Айцец адзначыў важнасць рэалізацыі прынцыпаў, змешчаных у прынятай у 2014 г. на 23-м саміте Афрыканскага Саюза “Дэкларацыі Малабо”, якія тычацца падтрымкі сельскагаспадарчага сектара ў краінах Афрыкі і выкаранення голаду да 2025 г. Ён нагадаў, што дасягненне гэтых мэтаў залежыць ад многіх фактараў, у тым ліку ад перамогі над кліматычнымі зменамі і спынення ўзброеных канфліктаў. 

Францішак заклікаў да міжнароднай салідарнасці з краінамі афрыканскага кантынента, бо “на кон пастаўлены мільёны чалавечых жыццяў”.“Усё больш і больш складаная сітуацыя ў Афрыцы патрабуе новых намаганняў і большага супрацоўніцтва на карысць тых народаў, якія па розных прычынах не могуць задаволіць свае фундаментальныя чалавечыя патрэбы”, - заўважыў ён. 

Акрамя плённага супрацоўніцтва паміж ўрадамі краін і міжнароднымі арганізацыямі, Папа адзначыў важнасць пераадолення прыватных інтарэсаў і палітычных механізмаў, якія перашкаджаюць справядліваму і паўсюднаму доступу людзей да зямных рэсурсаў. “Патрэбны шырокі і шчыры дыялог на ўсіх узроўнях, каб з’явіліся лепшыя і больш сталыя рашэнні, новыя адносіны паміж рознымі актарамі на міжнароднай арэне, пабудаваныя на ўзаемаадказнасці, салідарнасці і адзінстве”, - падкрэсліў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.