2018-01-31 13:23:00

Пантыфік: Літургія слова – дыялог Бога з Яго народам


Літургія слова – гэта “стол”, які Пан накрывае, каб умацаваць наша духоўнае жыццё, заўважыў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 31 студзеня 2018 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Сваю катэхезу ён прысвяціў дыялогу паміж Богам і Яго народам, які адбываецца падчас першай часткі Эўхарыстыі. 

Папа нагадаў, што ў рамках св. Імшы старонкі Бібліі перастаюць быць проста напісаным тэкстам, становячыся жывым словам, “абвешчаным самім Богам, Які тут і цяпер звяртаецца да нас”. Бог прамаўляе, а мы Яго слухаем, каб потым споўніць тое, што пачулі, падкрэсліў ён.

“Мы маем патрэбу ў тым, каб Яго слухаць! Гэта жыццёва важнае пытанне, пра што цудоўна нагадвае яскравы выраз: “Не хлебам адным будзе жыць чалавек, а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых” (Мц 4,4). Жыццё, якое дае нам Божае слова… У гэтым сэнсе, мы размаўляем аб Літургіі слова, як “стале”, які Пан накрывае, каб умацоўваць наша духоўнае жыццё. Багатым з’яўляецца стол літургіі, які шырока чэрпае з біблійнай скарбніцы, як Новага, так і Старога Запаветаў, бо ў іх Касцёлам абвешчана адзіная і нязменная таямніца Хрыста”, - сказаў Папа. 

Гаворачы аб розных частках Літургіі слова, Пантыфік нагадаў пра каштоўнасць рэспансарыйных псальмаў, якія пакліканы спрыяць разважанню над Божым словам. Ён пажадаў, каб заўсёды спяваўся, прынамсі, рэфрэн псальму. Папа звярнуў таксама ўвагу на недапушчальнасць скарачэння колькасці літургічных чытанняў ці замену іх не-біблійнымі тэкстамі, што “збядняе і кампраметуе дыялог Бога з Яго народам у малітве”. Павінна захоўвацца годнасць выгляду амбоны, выкарыстанне лекцыянарыя, наяўнасць добрых лектараў і псальмістаў. Важна, каб лектары рыхтаваліся да чытання літургічных тэкстаў перад св. Імшой.

“Мы ведаем, што слова Пана – гэта незаменная дапамога, каб не згубіцца, аб чым цудоўна кажа псальміст, які, звяртаючыся да Пана, вызнае: “Слова Тваё – светач для маёй нагі і святло для маёй сцежкі” (Пс 119,105). Як можам здзяйсняць наша зямное вандраванне, з яго цяжкасцямі і выпрабаваннямі, без рэгулярнага насычэння і асвячэння Божым словам, якое гучыць падчас літургіі?”, - спытаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што не дастаткова слухаць Божае слова, трэба прымаць яго сэрцам. Ён прыгадаў прыпавесць пра сейбіта (Мц 4,14-20), вынік працы якога залежаў ад якасці глебы.

“Дзейнасць Духа, што спрыяе плённасці адказу, патрабуе сэрцаў, якія дазваляюць апрацоўваць і даглядаць сябе, каб тое, што было пачута падчас св. Імшы, прыходзіла ў штодзённае жыццё, згодна з парадай апостала Якуба: “Будзьце ж выканаўцамі слова, а не толькі слухачамі, якія падманваюць саміх сябе” (Як 1, 22). Божае слова праходзіць шлях унутры нас. Мы слухаем яго вушамі, яно трапляе ў сэрца – не застаецца на ўзроўні вушэй, павінна дайсці да сэрца – і з сэрца прыходзіць да рук, да добрых учынкаў. Такі шлях здзяйсняе Божае слова: ад вушэй да сэрца і рук. Навучымся гэтаму!”, - заклікаў Святы Айцец.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, прысутныя на плошчы св. Пятра іерархі з розных частак свету, традыцыйна, мелі магчымасць асабіста прывітаць Пантыфіка і абмяняцца з ім некалькімі словамі. Сярод іх былі і каталіцкія біскупы з Беларусі, якія знаходзяцца ў Рыме з нагоды візіту “Ad limina Аpostolorum”.








All the contents on this site are copyrighted ©.