2018-01-31 16:15:00

Папа сустрэўся з кіраўніцтвам Сусветнага яўрэйскага кангрэса


Францішак прыняў на прыватнай аўдыенцыі прадстаўнікоў Сусветнага яўрэйскага кангрэса (World Jewish Congress) – міжнароднага аб’ядання яўрэйскіх арганізацый 32 краін свету, сядзіба якога знаходзіцца ў Нью-Ёрку. Сустрэча адбылася вечарам 30 студзеня 2018 г. у Ватыкане. 

Старшыня арганізацыі Рональд Лаўдэр падзякаваў Святому Айцу за намаганні на карысць міру на Блізкім Усходзе, асуджэнне антысемітызму і ўмацаванне каталіцка-юдэйскіх адносін. На знак удзячнасці Пантыфіку Сусветны яўрэйскі кангрэс пасадзіць у Ізраілі 18 аліўкавых дрэваў, паведамляецца на сайце аб’яднання.

У ходзе сустрэчы гаворка галоўным чынам ішла пра патрэбу ў прамых перамовах паміж ізраільцянамі і палестынцамі адносна мірнага вырашэння канфлікту на Блізкім Усходзе. Францішак казаў пра важнасць дыялогу паміж юдэямі і мусульманамі, мэтай якога павінна быць стабілізацыя міру ў рэгіёне.

Старшыня Сусветнага яўрэйскага кангрэса выказаў занепакоенасць нападамі на хрысціян на Блізкім Усходзе і маўчаннем міжнароднай супольнасці на гэты конт. Ён адзначыў патрэбу ў большых высілках кіраўнікоў дзяржаў на карысць меншасцяў, якія падвяргаюцца пераследу.

Рональд Лаўдэр знаходзіўся ў Рыме з нагоды Міжнароднай канферэнцыі па барацьбе з антысемітызмам у рэгіёне адказнасці АБСЕ, арганізаванай італьянскім Міністэрствам замежных спраў. Папа прымаў яе ўдзельнікаў 29 студзеня 2018 г. на аўдыенцыі, падчас якой нагадаў пра тэрміновую патрэбу ў выхаванні маладога пакалення да ўдзелу ў барацьбе супраць нянавісці і дыскрымінацыі. “Каб падрыхтаваць сапраўды чалавечую будучыню, не дастаткова адпрэчваць зло; мы павінны будаваць агульнае дабро разам”, - падкрэсліў Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.