cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Сустрэчы і падзеі

Пантыфік пра выкарыстанне Бога для апраўдання насілля

Пантыфік пра выкарыстанне Бога для апраўдання насілля - AFP

02/02/2018 12:13

Святы Айцец прыняў 2 лютага 2018 г. у Ватыкане ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай з’яве насілля, учыненага ў імя рэлігіі. Францішак паўтарыў сваю думку: “Бог, прыхільнік жыцця, Які ніколі не перастае любіць чалавека, і таму Ён заклікае нас адмовіцца ад шляху насілля”. Перш за ўсё, і асабліва ў нашы дні, менавіта рэлігіі закліканы рэалізаваць гэты імператыў, бо насілле з’яўляецца адмаўленнем усякага сапраўднага рэлігійнага пачуцця, падкрэсліў Папа, і назваў любыя формы нянавісці ў імя рэлігіі “ідалапаклонніцкай фальсіфікацыяй Бога”.

Прапагандаваннем і ажыццяўленнем насілля рэлігія дыскрэдытуе саму сябе. Менавіта таму “гвалт павінен быць асуджаны ўсімі, і асабліва па-сапраўднаму рэлігійнымі людзьмі, якія ведаюць, што Бог – заўсёды дабро, любоў і спагада, і што ў Ім няма месца для нянавісці, крыўды ці помсты”. Рэлігійны чалавек ведае, што адным з самых вялікіх блюзнерстваў з’яўляецца выкарыстанне Бога ў якасці апраўдання для сваіх грахоў і злачынстваў: масавых забойстваў, эксплуатацыі, прыгнёту і пераследу асоб і цэлых груп насельніцтва, заўважыў Пантыфік.

“Рэлігійны чалавек ведае, што Бог Святы, і што ніхто не можа прэтэндаваць на выкарыстанне Яго імя для рэалізацыі зла. Кожны рэлігійны лідэр закліканы выкрываць любыя спробы маніпулявання Богам для мэтаў, якія не маюць нічога агульнага з Ім ці Яго хвалой. Нам трэба паказаць, з неаслабным высілкам, што кожнае чалавечае жыццё святое, што яно заслугоўвае павагі, годнасці, спагады і салідарнасці, без уліку этнічнай прыналежнасці, рэлігіі, культуры ці ідэалагічных і палітычных перакананняў”, - сказаў Папа.

Францішак лічыць, што існуе неабходнасць, каб палітычныя улады, рэлігійныя лідэры, занятыя ў галіне адукацыі, прафесійнай падрыхтоўкі і камунікацый, рабілі ўсё неабходнае для прадухілення скажоных форм рэлігійнасці. Гэта дапаможа ўсім людзям добрай волі, якія шукаюць Бога, сустрэць Таго, хто вызваляе ад страху, нянавісці і насілля, дапамагае выкарыстаць творчы патэнцыял і энергію для распаўсюджання свайго плану любові і міру.

Пантыфік падзякаваў удзельнікам форуму, прысвечанага з’яве насілля, учыненага ў імя рэлігіі, за гатоўнасць удзельнічаць у рэфлексіі і дыялогу на настолькі драматычную тэму.


02/02/2018 12:13