2018-02-02 15:16:00

Францішак адправіцца з пастырскімі візітамі па Італіі


Два пастырскіх візіты Францішка ў межах Італіі ў красавіку і маі 2018 г. анансавала Зала Друку Апостальскай Сталіцы. 20 красавіка Святы Айцец наведае Алесана і Мальфэта ў паўднёва-ўсходняй частцы краіны, а 10 мая Намадэльфіа каля Грасэта і Лапіана блізу Фларэнцыі.

Красавіцкі візіт прымеркаваны да 25-годдзя з дня смерці біскупа Таніна Бэла, які быў пастырам дыяцэзіі Мальфэта і памёр у 1993 г. Яго служэнне характарызавалася цікавасцю да лёсу бедных. Ён арганізаваў ва ўсіх парафіях групы “Caritas”, заснаваў супольнасць для былых наркаманаў. Дзверы яго дома і дыяцэзіяльнай курыі заўсёды былі адчыненыя для тых, хто жыў у нястачы. Гэтыя асобы маглі там пераначаваць. Кожны мог прыйсці і паразмаўляць з іерархам. Ён стварыў тэрмін “Касцёл у фартуху”, каб звярнуць увагу на тое, што ён павінен быць сціплым і процідзейнічаць прычынам дыскрымінацыі. Біскуп Бэла таксама быў старшынёй руху за мір “Pax Christi” ў Італіі, рэзка выступаў супраць вайны ў Персідскім заліве. Памёр ад раку страўніка. З 2007 года працягваецца працэс яго беатыфікацыі. 
Францішак прыбудзе ў Алесана, родны горад біскупа Бэла, у пятніцу, 20 красавіка раніцай. Ён паедзе на мясцовыя могілкі, дзе пахаваны іерарх. Пасля малітвы на яго магіле, Пантыфік звернецца да вернікаў, якія збяруцца на плошчы перад некропалем. Адтуль вылеціць у Мальфэта, дзе ў 10.30 узначаліць св. Імшу на тэрыторыі порту, а затым вернецца ў Ватыкан.

У чацвер, 10 мая, Папа адправіцца ў Намадэльфіа каля Грасэта, дзе спачатку наведае могілкі, каб памаліцца на магіле кс. Дзэна Салціні, памерлага ў 1981 г. заснавальніка супольнасці “Nomadelfia”, чый беатыфікацыйны працэс працягваецца з 2009 г. Затым Францішак наведае адзін з дамоў супольнасці, пасля чаго ў мясцовым касцёле сустрэнецца з яе членамі. 

“Nomadelfia” – гэта каталіцкая супольнасць, якая імкнецца жыць ідэалам ранняга Касцёла, прадстаўленым у Дзеях Апосталаў: “Усе тыя, хто паверыў, былі адзіныя сэрцам і душою, і ніхто не называў уласным нічога з маёмасці сваёй, якая належала яму, але ўсё ў іх было супольнае” (Дз 4, 32). Згодна з Кананічным Правам з’яўляецца асобнай парафіяй, у адпаведнасці з італьянскім заканадаўствам – прыватнай асацыяцыяй.

З Намадэльфіа Папа паляціць на верталёце ў Міжнародны Горад Факаляраў у Лапіана каля Фларэнцыі. Пасля малітвы ў касцёле Марыі Багародзіцы, Францішак сустрэнецца на плошчы перад ім з членамі касцёльнага руху і адкажа на іх пытанні. Затым вернецца ў Ватыкан.

Слова “facolare” мае італьянскае паходжанне і азначае “сямейны ачаг”, а ў шырокім значэнні – сям’ю. Заснавальніцай руху з’яўляецца К’яра Любіч. Факаляры не абмяжоўваюцца толькі католікамі. Рух прызнаюць пратэстанты і праваслаўныя. Сэрцам руху з’яўляюцца асобы, якія складаюць тры шлюбы: чыстасці, беднасці і паслухмянасці. Супольнасць ахоплівае таксама і сужэнцаў. Асноўныя прынцыпы руху факаляраў абапіраюцца на супольнае жыццё ва ўзаемнай любові і братэрстве, на Божае слова, а таксама на Эўхарыстыю, акрамя таго, яны носяць марыйны характар.








All the contents on this site are copyrighted ©.