cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Гаміліі

Папа да кансэкраваных асобаў: мець Хрыста ў руках

Папа да кансэкраваных асобаў: мець Хрыста ў руках - AP

03/02/2018 11:09

“Брат і сястра, якіх Бог мне дае, з’яўляюцца часткай маёй гісторыі, з’яўляюцца дарамі, якія трэба бараніць”, - нагадаў Францішак 2 лютага 2018 г., падчас св. Імшы ў Сусветны дзень кансэкраванага жыцця, які традыцыйна адзначаецца ў Касцёле ў свята Ахвяравання Пана. Літургія праходзіла пры ўдзеле тысяч законнікаў і законніц з розных частак свету. Яна пачалася ўрачыстай працэсіяй са свечкамі, якія сваім святлом напоўнілі ватыканскую базыліку св. Пятра.

У гаміліі Святы Айцец заўважыў, што на хрысціянскім Усходзе свята Ахвяравання Пана называецца святам “сустрэчы” паміж Богам і чалавецтвам. Таксама і падчас ахвяравання Езуса ў святыні адбылася сустрэча: сустрэча паміж пакаленнямі, якія прадстаўлялі маладыя Марыя і Юзаф, з аднаго боку, і старыя Сімяон і Ганна, з іншага. 

Францішак заўважыў, што пакліканне да законнага жыцця пачынаецца ад сустрэчы з Богам, але патрабуе таксама сустрэчы паміж пакаленнямі. “Калі моладзь паклікана адкрываць новыя дзверы, то старыя маюць ключы”, - сказаў ён і дадаў, што маладосць інстытута кансэкраванага жыцця заключаецца ў здольнасці сягаць да каранёў, слухаць старых. “Няма будучыні без гэтай сустрэчы паміж пажылымі і маладымі, няма росту без каранёў і няма квітнення без новых парасткаў”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа папярэдзіў аб недапушчальнасці розных форм закрытасці на іншых людзей, якія прапануе сучасная цывілізацыя. “Няхай ніколі не здараецца так, каб мы больш глядзелі ў экран мабільніка, чым у вочы брата, ці каб засяроджваліся на нашых задумах, больш чым на Пану. Бо калі ў цэнтр ставіцца праект, тэхнічныя пытанні і структуры, кансэкраванае жыццё перастае прывабліваць і больш нічога не перадае свету”, - сказаў ён.

Францішак заклікаў кансэкраваных асобаў да атаясамлівання з “бедным, чыстым і паслухмяным” Езусам. У той час калі свет шукае багаццяў і задавальненняў, кансэкраваныя асобы адмаўляюцца ад гэтага, каб цалкам любіць Бога і іншых людзей. Калі свет падштурхоўвае рабіць тое, што хочацца, то кансэкраванае жыццё аддае перавагу паслухмянасці, якая з’яўляецца яшчэ большай свабодай. Калі свет часта пакідае пустымі рукі і сэрцы, то жыццё паводле Езуса, напаўняе спакоем, як здарылася ў Евангеллі, калі старыя Сімянон і Ганна адчулі шчасце, з Панам на руках і радасцю ў сэрцы, сказаў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў законнікаў і законніц ісці за гэтым прыкладам і трымаць Хрыста “не толькі ў галаве і сэрцы”, але таксама ў руках, ва ўсіх сваіх занятках: малітве, працы, за сталом, падчас размоў па тэлефоне, падчас вучобы, у працы з беднымі, паўсюль. Мець Хрыста на руках – гэта супрацьяддзе ад “ізаляванага містыцызму і нястрымнага актывізму”, дадаў ён. 

“Жыццё сустрэчай з Езусам з’яўляецца таксама лекам ад паралізаванасці нармальнасцю і адкрыццём на штодзённы хаос ласкі. Адкрыцца да сустрэчу з Езусам, сустрэцца з Езусам: гэта таямніца, каб трымаць запаленым полымя духоўнага жыцця. Гэта магчымасць, каб не дазволіць зацягуць сябе ў задушанае жыццё, у якім пануюць нараканні, горыч і непазбежныя расчараванні. Трэба сустрэцца ў Езусе як браты і сёстры, маладыя і старыя, каб перамагчы рыторыку “аб старых добрых часах”, якая не прыносіць плёнаў – гэту настальгію, што забівае душу, – каб не казаць “тут больш няма нічога добрага”. Калі штодня сустракаемся з Езусам і братамі, сэрца не палярызуецца паміж мінулым і будучыняй, але жыве сённяшнім днём Бога ў міры з усімі”, - сказаў Папа.

Напрыканцы гаміліі Пантыфік пажадаў кансэкраваным асобам, ажывіць сваю сустрэчу з Езусам, разам ідучы да Яго, каб прыдаць энергіі сваім вачам і крокам. 
 


03/02/2018 11:09