2018-02-05 13:27:00

Пантыфік прыняў на аўдыенцыі Прэзідэнта Турцыі


Святы Айцец Францішак прыняў 5 лютага 2018 г. у ватыканскім Апостальскім палацы Прэзідэнта Турцыі. Пасля папскай аўдыенцыі Рэджэп Таіп Эрдаган сустрэўся з кардыналам Пьетра Паралінам, Дзяржсакратаром Яго Святасці, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі.

Падчас размоў, якія праходзілі ў цёплай атмасферы, гаворка ішла пра двухбаковыя адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і Турцыяй, аб сітуацыі ў краіне, становішчы каталіцкай супольнасці, высілках, накіраваных на прыняцце бежанцаў і выкліках, звязаных з гэтай праблемай.

Бакі абмяркоўвалі таксама сітуацыю на Блізкім Усходзе, з асаблівай увагай да статуса Іерусаліма, адзначаючы патрэбу ў спрыянні міру і стабільнасці ў рэгіёне праз дыялог і перамовы, з павагай да правоў чалавека і міжнароднага права, паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Аўдыенцыя працягвалася каля 50 хвілін. Святы Айцец падарыў турэцкаму лідэру гравюру з выявай базылікі св. Пятра, асобнік сваёй энцыклікі “Laudato si’” і паслання на Сусветны дзень міру, а таксама памятны медаль, патлумачыўшы, што на ім змешчана “выява анёла міру, які перамагае дэмана вайны, у якасці сімвалу свету, заснаванага на супакоі і справядлівасці”.

Рэджэп Эрдаган, у сваю чаргу, урычыў Францішку плітачную керамічную кампазіцыю з выявай Стамбула, а таксама кнігі персідскага мусульманскага тэолага і паэта Маўлана Джалала ад-Дзіна Мухамада Румі на італьянскай мове.

Візіт турэцкага лідэра насіў гістарычны характар. Апошні раз Рымскі Пантыфік прымаў кіраўніка гэтай дзяржавы ў Ватыкане ў далёкім 1959 г.: гэта была сустрэча Яна ХХІІІ з Махмудам Джэлялем Баярам. 

На хвалі напружанасці на Блізкім Усходзе, пасля прызнання Дональдам Трампам Іерусаліма ў якасці сталіцы Дзяржавы Ізраіль, паміж папам Францішкам і Рэджэпам Эрдаганам адбылося некалькі тэлефонных размоў. У каментары для журналістаў турэцкі лідэр выказваў падзяку Пантыфіку за пазіцыю па гэтым пытанне, якая заключаецца ў неабходнасці захавання актуальнага статуса Святога горада. 








All the contents on this site are copyrighted ©.