2018-02-05 11:25:00

Францішак да святароў: вучыце вернікаў малітве адарацыі


Аб важнасці малітвы адарацыі казаў Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую цэлебраваў 5 лютага 2018 г. у капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. У гаміліі ён спаслаўся на літургічнае чытанне з Першай кнігі Валадарстваў (8, 1-13), у якім гаворка ідзе пра перанясенне каўчэга запавету ў ерузалемскую святыню, якое было ініцыявана каралём Саламонам.

Несці каўчэг трэба было ўгару, а гэта было цяжка. Ізраільскі народ цягнуў на сябе ўласную гісторыю, памяць пра выбранасць. Людзі неслі дзве простыя каменныя табліцы, якія даў ім Бог, і якія былі зусім не тым законам, якому вучылі іх фарысеі. Пантыфік назваў апошні “барочным”, па прычыне шматлікіх дадатковых прадпісанняў. Сутнасць жа запавету Пана было простай: любіць Бога і бліжняга, падкрэсліў ён.

Калі каўчэг быў занесены ў святыню і святары выходзілі з яе, воблака напоўніла дом Пана, і не маглі яны стаяць і служыць з-за яго, "бо слава Пана напоўніла дом Пана". Тады народ пачаў малітву адарацыі: “ад ахвяры, якую складаў падчас маўклівага шляху ўгару, да прыніжэння адарацыі”. 

У літургіі са Святым Айцом прынялі ўдзел некаторыя святары, якія нядаўна былі прызначаны пробашчамі. Пантыфік заклікаў іх вучыць Божы народ адарацыі, бо, на яго думку, гэта не робіцца належным чынам. “Мы вучым маліцца, спяваць, праслаўляць Бога, але адараваць...”, - заўважыў ён і падкрэсліў, што малітва адарацыі напаўняе чалавека шляхетнасцю і велічу.

Папа заўважыў, што апынаючыся перад абліччам славы Пана, чалавек губляе дар мовы. Нават кароль Саламон, звяртаючыся да Бога мог вымавіць толькі два словы: пачуй і прабач. Святы Айцец заклікаў ісці за гэтым прыкладам і таксама адараваць Пана, просячы, каб былі пачутымі і атрымалі прабачэнне.

“Нам будзе карысна сёння, прысвяціць крыху часу малітве, памятаючы пра наш шлях, памятаючы пра атрыманыя ласкі, памятаючы пра выбранасць, абяцанне, запавет і спрабаваць ісці ўгару, да адарацыі, і з вялікай пакорай прамаўляць падчас яе гэту кароткую малітву: “Пачуй і прабач”, - заклікаў Францішак на заканчэнне сваёй гаміліі.








All the contents on this site are copyrighted ©.