2018-02-06 15:58:00

Халдэйскі іерарх распавёў Пантыфіку пра сітуацыю ў Іране


Аб сітуацыі ў краіне, з асаблівым акцэнтам на міжрэлігійны дыялог і экуменізм, размаўляў з Францішкам іранскі біскуп у рамках візіту “ad limina Apostolorum” іерархаў Халдэйскай Царквы. “Мы распавялі Папу пра становішча хрысціянскай меншасці ў краіне, дзе свабода веравызнання гарантуецца не для ўсіх”, - сказаў халдэйскі арцыбіскуп Тэгерана Рамзі Гарму ў інтэрв’ю аўстрыйскаму каталіцкаму агенцтву “Kathpress”.

Спасылаючыся на хвалю дэманстрацый, якія прайшлі ў Іране, пастыр адзначыў, што яны не з’яўляюцца нечаканымі: людзі змагаюцца за свае правы і лепшае жыццё. Ён падкрэсліў, што маніфестацыі носяць мірны характар. 

Арцыбіскуп нагадаў, што Іран з’яўляецца краінай з мусульманскай большасцю, і тут няма ніякай свабоды, калі гаворка ідзе пра змену рэлігіі або перакананні. Ёсць шмат мусульман, якія гатовыя прыняць хрысціянства, але баяцца зрабіць гэта з-за сур’ёзнай рызыкі, уключаючы страту жыцця. Дзяржава дапускае будаўніцтва храмаў і ажыццяўленне культу, але абвяшчэнне хрысціянскай веры сярод мусульман забаронена.

З прыкладна 80 мільёнаў жыхароў Ірана каля 98% з’яўляюцца мусульманамі. Па словах іерарха, колькасці хрысціян усіх Цэркваў складае каля 60 тыс. чалавек. Большасць з іх належаць да Армянскай Апостальскай Царквы. Ёсць тры Каталіцкія Цэрквы, якія налічваюць у агульнай складанасці каля 5 тыс. вернікаў.
 
Тэгеранскі арцыбіскуп адзначыў, што адносіны з мусульманамі, як правіла, добрыя, што знаходзіць сваё адлюстраванне ў жывым міжрэлігійным дыялогу. Ён нагадаў пра афіцыйныя сустрэчы дэлегацый іранскіх мусульман і прадстаўнікоў Апостальскай Сталіцы, якія знаходзяцца на высокім інтэлектуальным і тэалагічным узроўнях. На яго думку, гэты дыялог павінен быць перанесены на ўзровень паўсядзённага жыцця.

Гаворачы аб магчымым візіце Папы ў Іран, арцыбіскуп Гарму сказаў, што хрысціяне будуць у захапленні ад яго, але ў канчатковым выніку падарожжа залежыць ад наяўнасці запрашэння ад палітычных лідэраў краіны.








All the contents on this site are copyrighted ©.