2018-02-07 14:08:00

Францішак: вусны Хрыста – гэта Евангелле


Сапраўдная экзэгетыка Евангелля – гэта наша святое жыццё, адзначыў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 7 лютага 2018 г. у ватыканскай Зале Паўла VI. Працягваючы цыкл катэхез аб св. Імшы, Папа казаў аб чытанні Евангелля і звязанай з ім гаміліі. “Як таямніцы Хрыста асвятляюць усё біблійнае аб’яўленне, так, у Літургіі слова, Евангелле з’яўляецца святлом для разумення сэнсу біблійных тэкстаў, як Старога, так і Новага Запавету, якія яму папярэднічаюць,”, - падкрэсліў ён.

Знак крыжа на чале, вуснах і грудзях, свечкі і акаджванне перад абвяшчэннем Евангелля патрэбны, каб ушанаваць Хрыста, Які праз евангельскае чытанне, дазваляе прагучаць свайму плённаму слову, патлумачыў Пантыфік. 

“Праз гэтыя знакі сход прызнае прысутнасць Хрыста, што скіроўвае да яго “Добрую навіну”, якая здзяйсняе навяртанне і пераўтварэнне. Гэта непасрэдная прамова, аб чым сведчаць словы, якімі адказваем на абвяшчэнне: “Хвала Табе, Пане” і “Хвала Табе, Хрыстэ”. Слухаючы Евангелле, мы ўстаем, бо Хрыстус прамаўляе да нас, і таму мы павінны быць уважлівымі, бо гэта непасрэдны зварот – гэта Пан прамаўляе да нас”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Пантыфік падкрэсліў, што слухаць Евангелле важна з адкрытым сэрцам. Ён нагадаў словы св. Аўгустына: “Вусны Хрыста – гэта Евангелле. Ён валадарыць у небе, але не перастае прамаўляць на зямлі”. Мы ж павінны адказаць Яму нашым жыццём, дадаў Францішак.

“Каб данесці сваё пасланне, Хрыстус карыстаецца таксама словамі святара, які пасля Евангелля прамаўляе гамілію. Гамілія настойліва рэкамендуецца Другім Ватыканскім Саборам як частка літургіі. Яна не з’яўляецца выпадковай прамовай ці катэхезай, якую я прамаўляю зараз, не канферэнцыяй і нават не лекцыяй. Гамілія – гэта штосьці іншае. Дык што такое гамілія? Гэта “дыялог паміж Богам і Яго народам”, які павінен знайсці рэалізацыю ў жыцці. Сапраўдная экзэгетыка Евангелля – гэта наша святое жыццё! Слова Пана завяршае свой шлях, уцелаўляючыся ў нас, ператвараючыся ва ўчынкі, як адбылося з Марыяй і святымі. Памятаеце тое, аб чым я казаў у мінулы раз: слова Пана ўваходзіць у вушы, даходзіць да сэрца і прыходзіць да рук, да добрых учынкаў. Гамілія ідзе за словам Пана і праходзіць тым самым шляхам, дапамагаючы нам, каб Яго слова дайшло да нашых рук, праходзячы праз сэрца”, - сказаў Святы Айцец Папа.

Папа нагадаў, што літургічны кантэкст “патрабуе, каб прапаведванне накіравала сход і прапаведніка да еднасці з Хрыстом у Эўхарыстыі”. “Той, хто прамаўляе гамілію, павінен добра выконваць сваё служэнне – святар, дыякан ці біскуп – здзяйсняючы сапраўдную паслугу адносна ўсіх, хто ўдзельнічае ў св. Імшы. Але таксама і тыя, хто слухае павінны рабіць тое, што да іх належыць. У першую чаргу, захоўваючы належную ўвагу, прымаючы належнае ўнутранае стаўленне, без суб’ектыўных прэтэнзій, ведаючы, што кожны прапаведнік мае свае хібы і абмежаванні. Калі часта існуюць прычыны для суму па прычыне доўгай, няўдалай ці незразумелай гаміліі, то часам перашкодай становіцца таксама прадузятасць. Хто прамаўляе гамілію, павінен усведамляць, што не робіць нешта ад сябе, але прапаведуе, даючы голас Езусу, прапаведуе слова Езуса. Гамілія павінна быць добра падрыхтаванай, павінна быць кароткай!”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што часта менавіта па прычыне празмерна доўгіх і нудных гамілій людзі шукаюць касцёлы, дзе св. Імша цэлебруецца ўвогуле без іх. Пантыфік рэкамендаваў, каб гаміліі заўсёды былі добра падрыхтаванымі праз малітву і вывучэнне Божага Слова і не цягнуліся даўжэй за дзесяць хвілін. 








All the contents on this site are copyrighted ©.