2018-02-08 13:23:00

Пантыфік: грэшнік можа быць святым, амаральны – не


На неабходнасць пільнасці і супрацьстаяння сапсутасці, звярнуў увагу Папа 8 лютага 2018 г., падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане. У сваіх разважаннях ён спаслаўся на літургічнае чытанне з Першай кнігі Валадарстваў (11,4-13), якое распавядае пра ідалапаклонства Саламона.

Францішак адзначыў, што Давід – бацька Саламона быў вялікім грэшнікам, і тым не менш мы лічым яго святым, а Саламон, вялікі і мудры кіраўнік, быў адпрэчаны Панам, таму што яго сэрца было сапсутым, згубіла глыбокую сувязь з Богам. Гэта можа здацца дзіўным, таму што Саламон быў чалавекам ураўнаважаным, і мы не ведаем пра яго грахі, а пра грахі Давіда вядома шмат. Папа падкрэсліў, што Давід змог прызнаць свой грэх і папрасіў у Бога прабачэння. У сваю чаргу, Саламон, якім захапляўся свет, згубіў свядомасць уласнай грэшнасці, і яго сэрца ў выніку аслабла. Гэта аслабленне з’яўляецца павольным працэсам, які паглынуў Саламона, захопленага сваёй славай і папулярнасцю.

Пантыфік адзначыў, што, як ні парадаксальна, лепшай з’яўляецца яснасць граху, чым аслабленае сэрца, што прыводзіць да амаральнасці, як гэта відаць у выпадку Саламона, але і па жыцці многіх хрысціян.

Каб запабегчы такой сітуацыі, Францішак заклікаў да пільнасці сэрца. “Давід – святы. Быў грэшнікам. Грэшнік можа стаць святым. Саламон быў адхілены, таму што ён быў амаральны. Амаральны не можа быць святым. А да маральнай сапсутасці прыходзім шляхам аслаблення сэрца. Пільнасць. Кожны дзень трэба ўважліва ставіцца да свайго сэрца. Якое маё сэрца, якія мае адносіны з Богам? Трэба адчуць прыгажосць і радасць вернасці”, - сказаў Папа, завяршаючы сваю гамілію.








All the contents on this site are copyrighted ©.