2018-02-08 16:22:00

Прагненне любові, годнасці і Бога – тэма рэкалекцый для Папы


Прагненні, якія жывуць у сэрцы чалавека: любові, годнасці і Бога –тэма рэкалекцый, якія для папы Францішка і іерархаў Рымскай курыі правядзе партугальскі святар, кс. Жазэ Таленціна Мэндонса. Духоўныя практыкаванні адбудуцца 18-23 лютага 2018 г. у горадзе Арыча, прыкладна ў 30 кіламетрах ад Рыма.

Кс. Мэндонса заўважыў, што кожная асоба мае прагненне любові, прызнання, адносін, годнасці, дыялогу, сустрэчы, чалавечнасці і Бога. Таксама і адным з апошніх словаў паміраючага на крыжы Хрыста было: “Прагну”. Езус просіць Касцёл далучыцца да рэалізацыі як Божых, так і чалавечых прагненняў. “Хрысціяне павінны быць прароцкім лакаматывам грамадства, у якім жывуць, асабліва ў барацьбе з беднасцю і ўвазе да бедных”, - падкрэсліў ён.

53-гадовы кс. Жазэ Таленціна Мэндонса – партугальскі душпастыр, тэолаг і паэт. Ён з’яўляецца віцэ-рэктарам Лісабонскага каталіцкага ўніверсітэта і кансультантам Папскай рады па культуры. Святар вельмі вядомы ў сваёй краіне. У 2014 г. ён быў афіцыйным прадстаўніком Партугаліі на Сусветным дні паэзіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.