2018-02-08 12:24:00

Святы Пасад заклікае нехрысціян да малітвы і посту за мір


Папская рада па міжрэлігійным дыялогу скіравала заклік да вызнаўцаў розных рэлігій, далучыцца да Дня малітвы і посту ў інтэнцыі міру, абвешчанага папам Францішкам. Ён пройдзе 23 лютага 2018 г. ва ўсім Каталіцкім Касцёле. Святы Айцец заклікаў асаблівым чынам звярнуць увагу на Дэмакратычную Рэспубліку Конга і Паўднёвы Судан.

“Папская рада па міжрэлігійным дыялогу, усведамляючы, што рэлігіі могуць значна паспрыяць дасягненню і ўмацаванню міра, будзе ўдзячная братам і сёстрам іншых веравызнанняў, якія пажадаюць адгукнуцца на гэты заклік і перажыць моманты малітвы, посту і разважання згодна з сваімі традыцыямі і ва ўласных месцах культу”, - гаворыцца ў спецыяльным паведамленні ватыканскай дыкастэрыі.

Гаворка ідзе пра ўжо другую малітоўную ініцыятыву Францішка, накіраваную на спрыянне міру ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і Паўднёвым Судане. 23 лістапада 2017 г. у Ватыкане праходзіла спецыяльная малітва аб прымірэнні ў гэтых краінах, якую ўзначальваў сам Папа.

Дэмакратычная Рэспубліка Конга з’яўляецца другой па велічыні краінай на кантыненце. Яна размешчана ў Цэнтральнай Афрыцы, у басейне ракі Конга. З 1993 г. тут з рознай інтэнсіўнасцю ідзе грамадзянская вайна.

Паўднёвы Судан у якасці незалежнай дзяржавы існуе з 9 лiпеня 2011 г. Побач з памежным канфліктам з Суданам тут мае месца ўнутраны канфлікт на этнічнай глебе. Сур’ёзнай пагрозай з’яўляецца праблема голаду. Амаль палова насельніцтва краіны не мае доступу да пітной вады.








All the contents on this site are copyrighted ©.