2018-02-08 15:08:00

У Ватыкане сабраліся эксперты па барацьбе з гандлем людзьмі


8 лютага ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца Міжнародны дзень малітвы і рэфлексіі ў інтэнцыі барацьбы з гандлем людзьмі. З гэтай нагоды ў сядзібе Папскай акадэміі навук у Ватыкане 8 лютага 2018 г. пачалася двухдзённая канферэнцыя, арганізаваная “Групай святой Марты” – асацыяцыяй, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў Касцёла, праваахочых органаў і грамадскай супольнасці, што змагаюцца з гандлем людзьмі ў розных частках свету. 

У форуме прымаюць удзел дэлегаты з больш чым 30 краін свету: біскупы, дыпламаты, навукоўцы, паліцэйскія, душпастыры, прадстаўнікі экспертных цэнтраў, грамадскіх, дабрачынных і праваабарончых арганізацый. Ватыканская сустрэча стане магчымасцю для ўмацавання супрацоўніцтва і абмену досведам. Яны будуць абмяркоўваць як дапамагчы ахвярам гандлю людзьмі і зрабіць грамадствы больш уважлівымі да гэтай з’явы.

“Група святой Марты” была заснавана па ініцыятыве папы Францішка ў 2014 г. Яна ўзнікла як вынік супрацоўніцтва паміж Касцёлам і гарадской паліцыяй Лондана ў барацьбе з гандлем людзьмі і сучасным рабствам. Узначальвае асацыяцыю старшыня Канферэнцыі Біскупаў Англіі і Уэльса кардынал Вінсэнт Нікалс. 

Міжнародны дзень малітвы і рэфлексіі ў інтэнцыі барацьбы з гандлем людзьмі адзначаецца 8 лютага ва ўсіх каталіцкіх дыяцэзіях і парафіях свету з 2015 г. па ініцыятыве Апостальскай Сталіцы. У гэты дзень Касцёл святкуе літургічны ўспамін св. Жазэфіны Бакіты – суданскай жанчыны, якая прайшла шлях ад рабыні да законніцы, пазнаўшы шмат духоўных і цялесных пакут і прыніжэнне.

Тэма сёлетняга Дня: “Міграцыя без гандлю людзьмі. Так для свабоды! Не для гандлю людзьмі”. Паводле ацэнак Міжнароднай арганізацыі працы, ва ўсім свеце ахвярамі прымусовай працы з’яўляюцца больш за 20 мільёнаў чалавек. Людзі трапляюць у рукі гандляроў людзьмі як у сябе дома, так і за мяжой. Доля жанчын і дзяцей сярод ахвяр складае больш за 70%.








All the contents on this site are copyrighted ©.