cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Святы Пасад \ Падзеі і дакументы

Дзяржсакратар: Бог шукае змагароў з гандлем людзьмі

Дзяржсакратар: Бог шукае змагароў з гандлем людзьмі - AFP

09/02/2018 15:58

Бог просіць нас клапаціцца пра “найменшых” гэтага свету, “прадукт” культуры адчужэння, культуры, якая выключае іх з грамадства, сказаў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін 8 лютага 2018 г. падчас св. Імшы для ўдзельнікаў асацыяцыі “Група святой Марты”. Яны сабраліся ў сядзібе Папскай акадэміі навук у Ватыкане на двухдзённую канферэнцыю на тэму барацьбы супраць гандлю людзьмі.

З храбрасцю і смеласцю будзем прасіць Бога, каб прагнаў зло і дэманаў, што наносяць шкоду сучаснаму чалавецтву, заклікаў у гаміліі бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.

“Бог бачыць рыбакоў, зняволеных на рыбалавецкіх суднах; айцоў сем’яў, вымушаных выконваць бесчалавечную працу, спадзеючыся аднавіць годнае жыццё за мяжой; дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця, якія павінны жабраваць. Ён бачыць дзяцей, зняважаных педафіламі, жанчын, выкінутых на гарадскія вуліцы і ў публічныя дамы, маладых дзяўчат, вымушаных выходзіць замуж за мужчын значна старэйшага ўзросту, асобаў, пазбаўленых уласных органаў у выніку падману, мухлярства або насілля. Кожны з іх прысутны ў вачах Бога”, – запэўніў кардынал Паралін.

“Што мы можам сказаць адносна цынізму, чэрствасці і прадажнасці гандляроў людзьмі – сеткі, якая трагічна аплятае амаль усе краіны свету?” – працягнуў іерарх. Спаслаўшыся на сумны прыклад жыцця цара Саламона, кардынал Дзяржсакратар перасцярог, што Бог пазбаўляе Валадарства Нябеснага тых, хто парушае Яго запаветы, а “шукае людзей з чыстымі і адданымі сэрцамі, здольных разам з Ім і дзякуючы Яго ласцы здзяйсняць план збаўлення, задуманы Панам дзеля карысці Яго стварэнняў”. Мы хочам быць тымі людзьмі, каб працаваць разам з Богам для вызвалення і збаўлення Яго народа, дадаў іерарх.

“Калі мы адзінока марым, гэта толькі мары. Калі марым разам, гэта пачатак нечага новага”, – нагадаў кардынал Паралін афрыканскую прымаўку і дадаў, што вельмі многае можна рабіць сумесна, каб выкараніць загану гандлю людзьмі.

Ён заклікаў маліцца праз заступніцтва св. Жазэфіны Бакіты, якая пры жыцці спазнала мукі рабства, аб Божым суправаджэнні на шляху дзейснай дапамогі тым, хто мае ў ёй патрэбу, ахвярам сучасных форм рабства, “якія заклікаюць да нашага сумлення”.

У двухдзённым ватыканскім форуме прынялі удзел дэлегаты з больш чым 30 краін свету – духавенства, дыпламаты, грамадскія актывісты, дабрачынцы, прадстаўнікі свету навукі і праваабарончых арганізацый.


09/02/2018 15:58