cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Святы Пасад \ Каментарыі

Святы Пасад аб падрыхтоўцы да Панамазонскага Сінода Біскупаў

Святы Пасад аб падрыхтоўцы да Панамазонскага Сінода Біскупаў

09/02/2018 13:18

Пра падрыхтоўку да спецыяльнага Сінода Біскупаў на тэму евангелізацыі народаў Амазоніі, які пройдзе ў Рыме ў кастрычніку 2019 г., распавёў Генеральны сакратар Сінода Біскупаў кардынал Ларэнца Балдзісэры ў інтэрв’ю для ватыканскага выдання “L’Osservatore Romano”.

Першая падрыхтоўчая перадсінадальная сустрэчы адбылася ў студзені 2018 г. у перуанскім горадзе Пуэрта-Мальданада якраз у дні, калі Францішак здзяйсняў свой Апостальскі візіт у Перу. На ёй абмяркоўваліся тэмы, якія ўвойдуць у падрыхтоўчы дакумент Сінода.

“Для Каталіцкага Касцёла гаварыць пра Амазонію – значыць мець справу са шматлікімі пытаннямі і праблемамі”, – падкрэсліў кардынал Балдзісэры. Перш за ўсё, гэта евангелізацыя мясцовага насельніцтва, значную частку якога складаюць карэнныя народы, нярэдка ізаляваныя, прыналежныя да розных культурных і моўных груп. Затым пытанне экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя, якое ў дачыненні да Амазоніі – аднаго з найвялікшых сховішчаў біяразнастайнасці, водных і лясных рэсурсаў планеты – набывае асаблівую значнасць. Нарэшце, той факт, што Амазонія займае 43% тэрыторыі Паўднёвай Амерыкі і налічвае каля 35 млн жыхароў, указвае на складанасць рэчаіснасці, з якой давядзецца сутыкнуцца ўдзельнікам Сінода.

Каталіцкі Касцёл першым на тэрыторыі Амазоніі пачаў прапаведваць Евангелле з улікам мясцовых культур і традыцый і заўсёды стаіць на абароне правоў карэнных народаў, нагадаў іерарх. Эканамічныя інтарэсы, якімі кіруюцца здабытчыкі нафты, газу і каштоўных мінералаў, разбураюць натуральныя ўмовы жыцця мясцовых жыхароў, а значыць, губяць само жыццё. Таму евангелізацыя павінна асноўвацца на пашырэнні ідэі чалавека, яго годнасці і правоў. Другая задача – забяспечыць наяўнасць у Амазоніі пастаяннага дыяканату, што дапаможа “суправаджаць супольнасці ізаляваных вёсак, раскінутых на кіламетры”, сказаў ватыканскі іерарх.

Ён патлумачыў, што рашэнне правесці Сінод у Рыме тлумачыцца жаданнем надаць яму ўніверсальны характар і забяспечыць удзел Святога Айца ва ўсіх яго пасяджэннях. Арганізатары і ўдзельнікі Сінода спадзяюцца, што яго выніковы дакумент стане арыенцірам і адпраўным пунктам для вырашэння сугучных праблем і што душпастырскаму служэнню ў Амазоніі ўдасца надаць спецыфічнае аблічча, захоўваючы адзінства з Паўсюдным Касцёлам.

Падрыхтоўка да Сінода Біскупаў на тэму евангелізацыі народаў Амазоніі ажыццяўляецца непасрэдна Генеральным сакратарыятам Сінода ў цесным супрацоўніцтве з Панамазонскай касцёльнай сеткай (Pan-Amazon Ecclesial Network, REPAM) – супольнасцю біскупаў, святароў і місянераў, якія служаць у Амазонскім рэгіёне.


09/02/2018 13:18