2018-02-09 15:37:00

Пантыфік сустрэўся з прэм’ерам Эстоніі


Святы Айцец Францішак 9 лютага 2018 г. прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане прэм’ер-міністра Эстонскай Рэспублікі Юры Ратаса. Пасля сустрэчы з Пантыфікам, палітык правёў размову з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам, якога суправаджаў мансеньёр Антуан Камільеры, падсакратар Святога Пасаду па сувязях з дзяржавамі.

Падчас шчырых перамоў была выказана ўдзячнасць за добрыя двухбаковыя адносіны і пазітыўны ўклад Каталіцкага Касцёла ў жыццё эстонскага грамадства. Увага была звернута на рэгіянальныя і міжнародныя тэмы, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, уключаючы ахову навакольнага асяроддзя і міграцыйнае пытанне. Была падкрэслена важнасць удзелу міжнароднай супольнасці ва ўрэгуляванні канфліктаў.

Святы Пасад прызнаў Эстонскую Рэспубліку ўпершыню 10 кастрычніка 1921 г. Гэта адбылося ў другі раз 28 жніўня 1991 г., пасля вяртання краінай незалежнасці. Дыпламатычныя адносіны былі адноўлены 3 кастрычніка 1991 г. 2 мая 1995 г. эстонскі Дэпартамент па справах рэлігій Міністэрства ўнутраных спраў зарэгістраваў Апостальскую адміністратуру Рыма-Каталіцкага Касцёла ў краіне. Прававыя дамоўленасці паміж Эстоніяй і Святым Пасадам рэгулюе заключанае 12 сакавіка 1999 г. пагадненне.








All the contents on this site are copyrighted ©.