2018-02-10 13:58:00

Папа да законнікаў: быць радаснымі і лагоднымі місіянерамі


Вы пакліканы, наследуючы Хрыста, несці агонь у свет, сказаў папа Францішак удзельнікам Генеральнага капітула манаскай Кангрэгацыі Найсвяцейшых Ранаў Нашага Пана Езуса Хрыста, якіх 10 лютага 2018 г. прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане. Існуе, аднак, добры і дрэнны агонь, перасцярог ён, і патлумачыў: “Бог у Бібліі параўноўваецца з агнём, але гэта агонь любові, які заваёўвае людскія сэрцы не жорсткасцю, а павагай да свабоды кожнай асобы”.

“Евангелле абвяшчаецца з лагоднасцю і радасцю, як гэта рабіў ваш заснавальнік, св. Каспар Бэртоні. Гэта стыль прапаведвання Езуса, нашага Настаўніка. Ён прымаў і набліжаўся да ўсіх і заваёўваў людзей дабрынёй, міласэрнасцю, пранікнёным словам Праўды”, – сказаў Святы Айцец. Ён запрасіў законнікаў да настойлівасці, цярплівасці і мужнасці, так патрэбных перад абліччам частага непрыняцця Божага Слова, пагроз і пераследу.

Добры агонь – гэта агонь Езуса, Які нясе з сабой хрост у Духу Святым, Які міласэрнасцю ачышчае сэрцы і палае на Крыжы; гэта агонь Духа Святога, што сыходзіць у дзень Пяцідзесятніцы; агонь, што дапамагае размяжоўваць вартае ад нявартага. Гэта, нарэшце, агонь выпрабаванняў, які закаляе, робіць нас мудрымі і моцнымі; гэта агонь братэрскай любові, сказаў Папа.

Сведчанне братэрскай любові ў супольнасці місіянераў – вось “выпрабаванне агнём”. У супольнасці з недахопам добрага агню пануюць “холад, цемра і адзінота”. Калі ж ёсць агонь братэрскай любові – ёсць “цеплыня, святло і моц, каб рухацца наперад”. “Таксама і новыя пакліканні ўзнікаюць з лагоднай евангелізацыйнай місіі”, – запэўніў Пантыфік.

Францішак заклікаў членаў манскай кангрэгацыі несці гэты агонь у хрысціянскія супольнасці, у сем’і, у сэрцы маладых людзей, а таксама да бедных, самотных, ахопленых адчаем, да вязняў, бяздомных і тых, хто ўцякае ад вайны. “Будзьце радаснымі і лагоднымі місіянерамі, добра падрыхтаванымі да сустрэчы з кожным чалавекам”, – пажадаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.