2018-02-10 13:21:00

Францішак сустрэўся з аргентынскай праваабаронцай


Пантыфік прыняў на аўдыенцыі Эстэлу дэ Карлота, старшыню аргентынскай праваабарончай асацыяцыі “Бабулі Пласа-дэ-Маё”. Асноўная мэта арганізацыі – знайсці ўнукаў, якія нарадзіліся ў перыяд праўлення ваеннай хунты ў Аргентыне ў 1976-1983 гг. Большасць з іх нарадзіліся ў турмах, пасля чаго яны былі забраныя ў маці і перададзеныя на ўсынаўленне. Да гэтага часу ўдалося знайсці 127 чалавек, у тым ліку ўнука дэ Карлота.

Кіраўнік асацыяцыі падчас сустрэчы з Папам пацвердзіла сваю просьбу аб дапамозе Касцёла ў доступе да архіваў з часоў дыктатуры, што паспрыяла б раскрыццю злачынстваў, учыненых на працягу гэтага часу. Ужо ўдалося атрымаць некаторую інфармацыю ад Святога Пасаду па гэтым пытанні. Праваабаронца размаўляла з Францішкам таксама пра цяперашнюю сітуацыю ў Аргентыне. “Пантыфік занепакоены беднасцю, адсутнасцю працоўных месцаў і агульным станам краіны. Ён моліцца за нас”, - паведаміла яна пасля сустрэчы 8 лютага 2018 г.

87-гадовая Эстэла дэ Карлота атрымала ў 2003 г. Прэмію ААН па правах чалавека. У 2004 г. яна знайшла свайго ўнука Ігнасіа Гвіда Мантоя Карлота. Яе дачка нарадзіла свайго сына ў турме, незадоўга да таго, як была забітая. У лістападзе 2014 г. у Ватыкане дэ Карлота з унукам сустрэлася з Францішкам. Цяперашні яе візіт у Італію звязаны з уручэннем ганаровай доктарскай ступені Міланскага ўніверсітэта.








All the contents on this site are copyrighted ©.