2018-02-11 12:43:00

Францішак даў старт рэгістрацыі на СДМ-2019


Папа даў пачатак рэгістрацыі на Сусветныя дні моладзі. 11 лютага 2018 г. ён, у прысутнасці юнака і дзяўчыны, зарэгістраваўся як удзельнік моладзевага форуму. Гэта адбылося перад натоўпамі вернікаў, сабраных на плошчы св. Пятра на малітве “Анёл Панскі”. 

“Сёння мы адкрываем рэгістрацыю на Сусветныя дні моладзі, якія пройдуць у Панаме ў студзені 2019 г. Таксама і я, у прысутнасці двух маладых людзей, зараз зарэгіструюся он-лайн з дапамогай планшэту. (...) Запрашаю ўсіх маладых людзей свету перажыць з верай і энтузіязмам гэту падзею ласкі і братэрства, збіраючыся ў Панаме або прымаючы ўдзел у ёй у сваіх супольнасцях”, - сказаў Пантыфік.

34-я Сусветныя дні моладзі ў Панаме пройдуць 22-27 студзеня 2019 г. пад дэвізам “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова” (Лк 1, 38). Традыцыйныя дні ў дыяцэзіях, запланаваныя на 17-21 студзеня, будуць арганізаваны на тэрыторыі Панамы, Коста-Рыкі і Нікарагуа.

Перад пачаткам рэгістрацыі таксама арцыбіскуп Панамы Хасэ-Дамінга Ульёа Менд’ета запрасіў маладых людзей на форум у Цэнтральную Амерыку. Гэтая падзея, на яго думку, павінна даць шанс моладзі з усяго свету пазнаёміцца з жыццём сваіх аднагодкаў. 

“Беднасць, міграцыя, злоўжыванне наркотыкамі і гандаль людзьмі – гэта з’явы, якія ўплываюць на наш рэгіён”, - сказаў іерарх. Ён лічыць, што беднасць не павінна ўспрымацца толькі як нешта страшнае і дрэннае, яна можа стаць стваральнай сілай, калі адпавядае салідарнасці. Галоўнымі пунктамі сустрэчы арцыбіскуп назваў захаванне стварэння, жыццёвыя абставіны моладзі і яе пакліканне для будучыні свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.