2018-02-12 12:45:00

Святы Айцец прыняў Сінод Мелькіцкай Каталіцкай Царквы


Публічнай дэманстрацыяй “касцёльнай камуніі” назваў Францішак візіт членаў Сіноду Мелькіцкай Каталіцкай Царквы ў Ватыкан. Гэта ўсходне-каталіцкая супольнасць, якая прытрымліваецца візантыйскага абраду, абрала некалькі месяцаў таму новага Патрыярха. Ім стаў Юсэф І Абсі.

Пантыфік выказаў сваю малітоўную блізкасць з пастырамі і вернікамі Царквы, якая, як адзначыў, не можа быць аддзелена ад памяці пра Сірыю і Блізкі Усход, дзе каталіцкія мелькіты маюць глыбокія карані і здзяйсняюць важнае служэнне. Ён нагадаў, што ў апошнія гады шматлікія грэка-мелькіты перамясціліся ў пошуках лепшага жыцця ў іншыя краіны, і часта за межы рэгіёну. Папа папрасіў заахвочваць і дапамагаць вернікам заставацца ў месцах свайго паходжання. Як ніколі ў гэтыя моманты пастыры закліканы да адзінства, блізкасці і салідарнасць з Божым народам, які пакутуе.

Касцёл мае патрэбу ў пастырах, “якія ахопліваюць жыццё з шырынёй Божага сэрца”, не спачываюць у зямным задавальненні, ставяць вышэйшыя мэты; у пастырах “высокага палёту”, свабодных ад спакусы прахалоднага жыцця і руціны. Касцёлу патрэбныя пастыры, якія жывуць у беднасці, не залежныя ад грошай і раскошы, паслядоўныя ў абвяшчэнні пасхальнай надзеі, падкрэсліў Святы Айцец.

“Калі вы вернецеся і сустрэнеце святароў, кансэкраваных асоб і вернікаў, нагадайце ім, што яны знаходзяцца ў сэрцы і малітвах Папы”, - сказаў Францішак епіскапам.

Мелькіцкая Каталіцкая Царква мае статус Патрыярхату. Яе кіраўнік носіць тытул “Патрыярх Антыёхіі, Александрыі і Ерузалема”. Рэзідэнцыя Прадстаяцеля знаходзіцца ў Дамаску. Большасць вернікаў жыве ў Сірыі, Ліване, Егіпце, Ізраілі і Іарданіі. Акрамя таго, значная колькасць мелькітаў рассеяна па ўсім свеце ў эміграцыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.