2018-02-13 10:38:00

Пантыфік: ліквідаваць карэнныя прычыны сучаснага рабства


Пантыфік правёў 12 лютага 2018 г. у Ватыкане сустрэчу, прымеркаваную да Міжнароднага дня малітвы і рэфлексіі ў інтэнцыі барацьбы з гандлем людзьмі. Яна прайшла ў фармаце пытанне-адказ. Святы Айцец сфармулаваў касцёльную пазіцыю адносна гэтай, як ён часта называе, сучаснай сусветнай чумы.

У сваіх адказах Францішак адзначыў, што са свайго боку ён выкарыстоўвае любую магчымасць, каб выступаць супраць гандлю людзьмі, паколькі лічыць з’яву – “злачынствам супраць чалавецтва”. Формы сучаснага рабства, на жаль, маюць усё больш шырокае распаўсюджванне, закранаючы найбольш уразлівыя слаі грамадства; і гэта тычыцца кожнай краіны, нават найбольш развітых. На думку Папы, патрэбна агульная адказнасць і больш моцная палітычная воля, каб быць у стане выйграць на гэтым фронце.

Не варта недаацэньваць рызык, звязаных з віртуальнай прасторай. У сувязі з гэтым, дарослыя, бацькі і педагогі маюць абавязак кантраляваць і абараняць дзяцей. Менавіта праз сацыяльныя сеткі многія маладыя людзі былі заваблены і зняволены ілжывымі абяцаннямі, трапілі ў пастку ілюзій і ў рукі гандляроў людзьмі. Пантыфік лічыць, што моладзі важна будаваць крок за крокам уласную ідэнтычнасць і мець кропку адліку. 

Касцёл заўсёды на баку людзей, якія пакутуюць, асабліва дзяцей і моладзі, імкнучыся абараняць і садзейнічаць усебаковаму развіццю чалавека, адзначыў ён. Нават у самых складаных справах ён жадае быць маяком надзеі і падтрымкі для людзей, таму што Бог заўсёды з чалавекам.

Францішак з жалем адзначыў, што разам з жорсткай палітыкай па барацьбе з гандлем людзьмі, некаторыя дзяржавы з-за ўласных эканамічных інтарэсаў не хочуць ліквідаваць яе карэнных прычын.

Папа запэўніў, што Каталіцкі Касцёл мае намер дзейнічаць у любой фазе барацьбы з гандлем людзьмі: хоча бараніць людзей ад падману і спакус; хоча знаходзіць іх і вызваляць з няволі; хоча дапамагаць ім пасля вызвалення.

Міжнародны дзень малітвы і рэфлексіі ў інтэнцыі барацьбы з гандлем людзьмі адзначаецца ўжо трэці год 8 лютага, у літургічны ўспамін св. Жазэфіны Бакіты, ва ўсіх каталіцкіх дыяцэзіях і парафіях свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.