2018-02-13 15:58:00

Францішак маліўся разам з новым мелькіцкім Патрыярхам


Францішак узначаліў 13 лютага 2018 г. у Ватыкане ранішнюю св. Імшу. Падчас гаміліі ён звярнуў увагу на важнасць таго, што Эўхарыстыю з ім канцэлебруе новы Патрыярх Антыёхіі мелькіцкага абраду Юсэф І Абсі. У канцы іерарх падзякаваў Святому Айцу і на запрашэнне Папы ўдзяліў разам ім завяршальнае благаслаўленне.

“Гэта св. Імша разам з нашым братам Юсэфам будзе выразам апостальскай камуніі: ён з’яўляецца айцом Царквы, старажытнай Царквы, і прыбыў абняць Пятра, кажучы: “Я знаходжуся ў еднасці з Пятром”. Так выглядае сённяшняя ўрачыстасць: абдымкі айца Царквы з Пятром. Царквы, багатай сваёй тэалогіяй у рамках каталіцкай тэалогіі, сваёй выдатнай літургіяй і сваім народам, значная частка якога, на дадзены момант, укрыжаваная, як Езус. Мы ахвяруем гэтую Эўхарыстыю за людзей, якія пакутуюць, за пераследаваных хрысціян на Блізкім Усходзе, якія аддаюць сваё жыццё, пакідаюць маёмасць, таму што іх праганяюць. Ахвяруем св. Імшу за служэнне нашага брата Юсэфа”, - сказаў Францішак.

Новаабраны Патрыярх падзякаваў Святому Айцу і запэўніў у “зычлівай памяці” пра яго з боку духавенства і вернікаў Мелькіцкай Каталіцкай Царквы. “Мы заўсёды будзем памятаць аб гэтай падзеі, аб гэтых гістарычных хвілінах, гэтай неапісальна прыгожай падзеі: гэта братэрства, гэта камунія, якая звязвае ўсіх вучняў Хрыста”, - сказаў іерарх у завяршэнне літургіі.

Грэка-Мелькіцкая Царква ўключае ў сябе католікаў-арабаў, выхадцаў з праваслаўя, а дакладна з Патрыярхатаў Антыёхіі і Ерузалема. Хоць як хрысціяне, яны маюць старажытныя карані, іх гісторыя як уніятаў пачынаецца ў канцы сямнаццатага стагоддзя. У 1724 г. атрымалі свайго Патрыярха ў асобе Кірыла, якому праз 20 гадоў Папа ўручыў палій, як знак еднасці з Рымам. Назва Царквы спасылаецца на семіцкае слова “мелек”, кароль. Яно было ўласціва ў старажытныя часы паслядоўнікам Халкідонскага Сабору аб дзвюх прыродах у Хрысце, падтрыманага імператарам (каралём) Візантыі. Сёння слова “мелькіты” азначае выключна арабскіх грэка-католікаў.

Новы мелькіцкі Патрыярх Антыёхіі нарадзіўся 20 чэрвеня 1946 г. у Дамаску. Святаром стаў 6 мая 1973 г. у якасці члена Місійнага Таварыства св. Паўла, пасля чаго працаваў у душпастырстве. У 1999-2001 гадах быў генеральным настаяцелем сваёй манаскай супольнасці і на гэтай пасадзе яго застала рашэнне Сіноду Царквы аб прызначэнні тытульным архіепіскапам Тарсу і дапаможным епіскапам Патрыярхату.








All the contents on this site are copyrighted ©.