2018-02-14 13:58:00

Мальтыйскі Ордэн рыхтуецца да надзвычайнага капітула


Суверэнны Ваенны Мальтыйскі Ордэн рыхтуецца да правядзення ўнутранай рэформы. Яе часткай павінен стаць майскі надзвычайны капітул, на якім адбудуцца выбары кіраўніцтва. На днях у Рыме прайшоў міжнародны стратэгічны семінар гэтага рэлігійнага згуртавання. У ім узялі ўдзел 140 членаў з пяці кантынентаў.

На адкрыцці сесіі быў прысутны спецыяльны дэлегат Пантыфіка для кантролю за сітуацыяй у Ордэне, арцыбіскуп Анджэла Бэчу, прызначаны Францішкам у 2017 г. “Сапраўдная вернасць у правядзенні рэлігійнай рэформы з’яўляецца здольнасцю падтрымліваць каштоўнасці, вызначаныя духоўнай спадчынай Ордэну”, - сказаў ён.

28 студзеня 2017 г. Рада Ордэну прыняла адстаўку Вялікага Магістра Мэцью 
Фэсцінга, і прызначыла Часовым Намеснікам Вялікага Камандора Людвіга Гофмана фон Румерштайна. 

Гэтаму папярэднічаў крызіс, які ўзнік па прычыне вызвалення ад пасады Вялікага Канцлера Мальтыйскага Ордэна Альбрэхта Фрайхера фон Бёзэлагера. Дадзенае рашэнне выклікала заклапочанасць Святога Пасаду і прывяло да стварэння спецыяльнай ватыканскай камісіі па высвятленні прычын сітуацыі. Пасля заканчэння расследавання Альбрэхт Фрайхер фон Бёзэлагер быў адноўлены на сваёй пасадзе. 

Мальтыйскі Ордэн мае статус арганізацыі-назіральніка пры ААН і ў Савеце Еўропы. Падтрымліве дыпламатычныя адносіны з больш чым сотняй дзяржаў. Ордэн выдае ўласныя пашпарты, друкуе ўласную валюту і маркі. Мае паштовыя пагадненні з дзесяткамі краін.








All the contents on this site are copyrighted ©.