2018-02-15 13:51:00

Папа змяніў парадак адстаўкі з некаторых касцёльных пасад


Францішак унёс змены ў парадку адстаўкі з касцёльных пасад, на якія прызначае асабіста Пантыфік. Апостальскі ліст у форме “motu proprio” “Іmparare a congedarsi” (Вучыцца сыходзіць) быў апублікаваны ў Ватыкане 15 лютага 2018 г.

Згодна з рашэннем Папы, касцёльныя службовыя асобы, якія паводле ранейшых нормаў сыходзілі ў адстаўку “ipso facto” – па факце дасягнення сямідзесяціпяцігадовага ўзросту – цяпер губляюць свае паўнамоцтвы толькі пасля адпаведнага рашэння Папы, на імя якога павінны скіраваць просьбу аб адстаўцы. Рашэнне Святога Айца можа быць прынята пазней чым праз тры месяцы, якія раней былі ўстаноўлены канонамі 189 § 3 Кодэкса Кананічнага Права і 970 § 1 Кодэкса Канонаў Усходніх Касцёлаў.

У Апостальскім лісце Пантыфік нагадаў, што “завяршэнне касцёльнага служэння павінна разглядацца як інтэгральная частка самаго служэння”. Гэта патрабуе гатоўнасці пакінуць пасаду або прыняць просьбу аб прадаўжэнні служэння, нават па дасягненні сямідзесяціпяцігадовага ўзросту.

Гаворачы аб асобах, якія рыхтуюцца да адстаўкі, Святы Айцец адзначыў важнасць адпаведнай падрыхтоўкі перад Богам, каб “ачысціцца ад прагі ўлады і ад упэўненасці ва ўласнай незаменнасці”. “Гэта дазволіць ў спакоі і з даверам перажыць дадзены момант, які ў адваротным выпадку можа стаць балючым і канфліктным”, - напісаў ён.

Асобы, якія сыходзяць у адстаўку, павінны ў малітве разважыць над новым перыядам свайго жыцця, які мае быць пазначаны, наколькі гэта магчыма, стрыманасцю, пакорай, заступніцкай малітвай, часам на чытанне і гатоўнасцю выконваць сціплае пастырскае служэнне.

Францішак закрануў і іншыя сітуацыі: напрыклад, калі да асобы скіроўваецца просьба працягнуць служэнне на пасадзе, што можа патрабаваць адмаўлення ад уласных задум. Такая сітуацыя павінна разглядацца не як прывелей, асабісты трыумф ці паслуга, аказаная ў сілу сяброўства або асаблівай блізкасці, але як атрыманая ўдзячнасць за плённа выкананае служэнне. 

Працягненне паўнамоцтваў павінна разглядацца выключна праз прызму прычын, звязаных з агульным дабром Касцёла. “Падобнае папскае рашэнне з’яўляецца не аўтаматычным жэстам, але жэстам улады. Як наступства, яно патрабуе цноты разважлівасці, якая дапаможа, у выніку належнай рэфлексіі, зрабіць адпаведны выбар”, - падкрэсліваецца ў дакуменце.

Святы Айцец заўважыў, што для працягнення паўнамоцтваў асобы на пасадзе могуць быць самыя розныя прычыны: неабходнасць заканчэння асабліва карыснага для Касцёла праекта, забяспечэнне працягласці важных ініцыятыў, некаторыя складанасці, звязаныя з кампанаваннем складу дыкастэрый у пераходны перыяд, важнасць укладу, які гэта асоба можа зрабіць ў ажыцяўленне нядаўна прынятых дырэктыў Апостальскай Сталіцай, прыняцце новых дактрынальных напрамкаў.

У “motu proprio” гаворыцца, што дыяцэзіяльныя біскупы і епархі, біскупы-каад’ютары, тытулярныя біскупы на адмыловых пастырскіх пасадах, пасля дасягнення сямідзесяціпяцігадовага ўзросту, павінны скласці просьбу ад адстаўцы. Так жа, пасля дасягнення сямідзесяці пяці гадоў, павінны зрабіць кіраўнікі дыкастэрый Рымскай курыі, якія не з’яўляюцца кардыналамі, найвышэйшыя прэлаты Рымскай курыі, біскупы, якія выконваюць іншыя функцыі ў структурах Апостальскай Сталіцы, а таксама Папскія дыпламатычныя прадстаўнікі. Яны не страчваюць аўтаматычна сваіх пасад, але чакаюць рашэння Папы аб іх адстаўцы або працягненні паўнамоцтваў на вызначаны ці нявызначаны час.

Такім чынам, гаворка ідзе пра змены ў каноне 189 § 3 Кодэкса Кананічнага Права і каноне 970 § 1 Кодэкса Канонаў Усходніх Касцёлаў, які казаў: “Адстаўка, якая патрабуе прыняцця, губляе ўсялякую сілу, калі не будзе прынята на працягу трох месяцаў. Адстаўка, якая не патрабуе прыняцця, уваходзіць у законную сілу пасля таго, як той, хто складае адстаўку, паведаміць аб ёй згодна з правам”.








All the contents on this site are copyrighted ©.