2018-02-15 15:13:00

Праграма папскіх велікапосных і пасхальных цэлебрацый


Насычаная падзеямі праграма чакае папу Францішка ў бліжэйшыя месяцы.15 лютага 2018 г. у Ватыкане быў апублікаваны план літургічных цэлебрацый з удзелам Святога Айца ў сакавіку і красавіку. 

У самы разгар Вялікага посту, у пятніцу 9 сакавіка, Пантыфік узначаліць пакутнае набажэнства ў базыліцы св. Пятра. Яно пройдзе ў рамках агульнакасцёльнай ініцыятывы Папскай рады па новай евангелізацыі “24 гадзіны для Пана”. Падчас падобнага набажэнства ў мінулыя гады Папа прыступаў да сакрамэнту споведзі, а затым спавядаў вернікаў. У пасланні на Вялікі пост ён заклікаў вернікаў прыняць удзел у гэтай ініцыятыве.

17 сакавіка Францішак здзейсніць пастырскі візіт ў Петрэльчыну, у італьянскай дыяцэзіі Бэнэвэнта, які будзе прымеркаваны да 100-годдзя з’яўлення стыгматаў у св. Айца Піо, і ў Сан-Джавані-Ратонда, у дыяцэзіі Манфрэдонія-В’естэ-Сан-Джавані-Ратонда, каб адзначыць 50-ю гадавіну з дня смерці святога.

Па традыцыі асабліва насычаным стане перадпасхальны час і самі велікодныя ўрачыстасці. У Пальмовую нядзелю, 25 сакавіка, Папа ўзначаліць Эўхарыстыю на плошчы св. Пятра, падчас якой адбудзецца працэсія з пальмамі. Вялікі Чацвер, 29 сакавіка, распачнецца для Пантыфіка сустрэчай са святарамі на Эўхарыстыі ў ватыканскай базыліцы, а завершыцца вечарам Імшой Вячэры Пана. Дзе яна адбудзецца, пакуль не паведамляецца. У мінулыя гады гэта былі італьянскія пэнітэнцыярныя ўстановы.

30 сакавіка вечарам Святы Айцец узначаліць набажэнства Вялікай Пятніцы ў ватыканскай базыліцы, пасля якога накіруецца ў рымскі Калізей, дзе возьме ўдзел у Крыжовым Шляху. У суботу, 31 сакавіка, Францішак правядзе Імшу Пасхальнай Вігіліі ў базыліцы св. Пятра. У Вялікдзень, 1 красавіка, ён узначаліць святочную Эўхарыстыю на плошчы св. Пятра, пасля якой падымецца на балкон цэнтральнай лоджыі ватыканскай базылікі, каб прамовіць сваё пасланне міру і ўдзяліць благаслаўленне “Urbi et Orbi”. 

У нядзелю Божай Міласэрнасці, 8 красавіка, Папа будзе цэлебраваць Эўхарыстыю ў базыліцы св. Пятра, у якой прымуць удзел Місіянеры міласэрнасці – святары з розных дыяцэзій свету, якім у Юбілейны год, Святы Айцец даручыў быць прывелеяванымі сведкамі і абвяшчальнікамі міласэрнасці Пана.








All the contents on this site are copyrighted ©.