2018-02-15 13:15:00

Францішак рэгулярна сустракаецца з ахвярамі злоўжыванняў


Кіраўнік Залы Друку Грэг Бёрк у пісьмовай заяве пацвердзіў словы Святога Айца, якія змяшчаюцца на старонках італьянскага часопіса “La Civiltà Cattolica” у артыкуле пра сустрэчу Францішка з езуітамі ў Перу, якая прайшла 16 студзеня 2018 г.

Афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду сцвярджае: “У адказ на пытанні журналістаў, я магу пацвердзіць, што некалькі разоў у месяц, Святы Айцец сустракаецца з ахвярамі сексуальных злоўжыванняў, як індывідуальна, так і ў групах. Францішак слухае ахвяр і спрабуе дапамагчы ім загаіць сур’ёзныя раны, выкліканыя злоўжываннямі. Сустрэчы праводзяцца з захаваннем канфідэнцыйнасці, з павагай да ахвяраў і іх пакут”, - напісаў кіраўнік ватыканскай прэс-службы.

Падчас сваёй сустрэчы з чылійскімі езуітамі, Францішак прызнаў, што нават калі доля духавенства складае ніжэй за 2% сярод такога роду злачынстваў, гэта жудасна, калі такое дзеянне здзейсніў хоць бы адзін святар. Таму што ён быў прызначаны Богам, каб дапамагаць дзецям і дарослым, а не нішчыць іх. “Трэба паслухаць тое, што адчувае чалавек, падвергнуты сексуальнаму выкарыстанню або дамаганням. У пятніцы – часам аб гэтым паведамляецца, а часам не, – я звычайна сустракаюся з адной з гэтых асоб”, - прызнаўся Святы Айцец.

Ён адзначыў, што раны, нанесеныя праз сексуальнае выкарыстанне ў маладым узросце, выклікаюць глыбокія пашкоджанні. Для Касцёла такія сітуацыі сведчаць пра ўзровень крывадушнасці. Ён дадаў, што часта такога роду злачынствы адбываюцца ў новых манаскіх супольнасцях, і абумоўлена гэта менталітэтам валодання ўладай. Існуе сувязь паміж злоўжываннем уладай і сексуальнымі злоўжываннямі, да гэтага дадаецца эканамічны беспарадак. “Сродкам заўсёды з’яўляюцца грошы: д’ябал уваходзіць праз кашалёк”, - падкрэсліў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.