2018-02-16 15:01:00

Папа даў духоўныя парады ахвярадаўцам


“Перад абліччам свету, пазначанага абыякавасцю, жорсткасцю, эгаізмам і песімізмам, варта задацца пытаннем, ці не пакутуе ён з-за недахопу міласэрнасці, як у сэрцах, так і ў стасунках з Богам і бліжнім”, - звярнуўся Францішак да прадстаўнікоў каталіцкай дабрачыннай асацыяцыі “Pro Petri Sede”, якіх 16 лютага 2018 г. прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Папа заклікаў мужна паглядзець праўдзе ў вочы і імкнуцца выправіць сітуацыю сродкамі, якія прапануе сам Бог: малітвай, постам і міласцінай. “Малітва вяртае нас на шлях праўды аб нас саміх і Богу; пост дазваляе ўвайсці ў сітуацыю многіх людзей, якія пакутуюць ад голаду, і робіць нас больш уважлівымі да бліжняга; міласціна – благаслаўлёная нагода для супрацоўніцтва з Божым Провідам на карысць Яго дзяцей”, - патлумачыў Святы Айцец.

Паводле Францішка, міласціна павінна стаць ладам жыцця, трэба быць настойлівымі ў канкрэтнай дапамозе людзям. Ён падзякаваў членам асацыяцыі за каштоўны ўнёсак, які сваёй дзейнасцю робяць у справу падтрымкі патрабуючых, асабліва самых бедных і тых, хто згубіў усё па прычыне вымушанай міграцыі.

На заканчэнне прамовы Святы Айцец заклікаў прасіць Бога аб навяртанні сэрцаў, каб на зямлі пашыралася міласэрнасць і спыніліся, нарэшце, канфлікты – крыніца незлічонага зло. Францішак пажадаў, каб пілігрымка, якую здзяйсняюць удзельнікі асацыяцыі “Pro Petri Sede”, умацавала іх любоў і жаданне штодня вызнаваць сваю веру і сведчыць пра яе ў месцах свайго прабывання.

Асацыяцыі “Pro Petri Sede” здзейнічае на тэрыторыі Бельгіі, Нідэрландаў і Люксембурга. Яна бачыць сваёй галоўнай мэтай падтрымку ініцыятыў і намаганняў Святога Айца. Па даўняй традыцыі, штогадова члены асацыяцыі здзяйсняюць пілігрымку да магілы св. Пятра, а кожныя два гады атрымліваюць аўдыенцыю ў Пантыфіка.








All the contents on this site are copyrighted ©.