2018-02-16 12:23:00

Францішак сустрэўся з рымскім духавенствам


15 лютага 2018 г. у базыліцы святога Яна на Латэране адбылася традыцыйная велікапосная сустрэча папы Францішка з духавенствам Рымскай дыяцэзіі. Яна пачалася з пакутнага набажэнства, падчас якога Пантыфік паспавядаў некалькі святароў. Затым, ва ўласцівай яму спантаннай манеры, ён адказаў на пытанні, скіраваныя прэзбітэрамі розных узростаў.

Першае пытанне задаў малады святар. Ён спытаўся як рэалізаваць уласнае пакліканне пасярод тысяч сітуацый, якія гэтаму не садзейнічаюць. Францішак адказаў, што не трэба звяртаць увагу на “сітуацыі”: галоўнае – знайсці спосаб, каб ісці наперад і слушна выконваць свае абавязкі.

Святы Айцец падкрэсліў, што ў святароў павінен быць свой індывідуальны “стыль”. “Сапраўды, святарства – гэта лад жыцця, гэта пакліканне, ўпадабненне Езусу Хрысту, у пэўным сэнсе. Але тваё асабістае святарства ўнікальнае, яно не падобнае на святарства кагосьці іншага”, - нагадаў ён.

Францішак адзначыў таксама важнасць малітоўнага жыцця і духоўнага кіраўніцтва для маладых святароў. Хоць святар жыве ў цэлібаце, ён не можа жыць у адзіноце, таму ён патрабуе духоўнага настаўніка, заўважыў Папа. Паводле яго слоў, вялікую дапамогу ў гэтым сэнсе могуць аказаць невялікія групы святароў, святарскія брацтвы. “Самотнасць не прыносіць карысці”, - дадаў ён.

Адказваючы на пытанні больш сталых святароў – ва ўзросце 40-50 гадоў, – Францішак заўважыў, што ў гэты перыяд жыцця адбываецца “пераасэнсаванне многіх апостальскіх ідэалаў”. Падтрымка з боку сям’і ўжо не такая моцная, пачынаюцца праблемы са здароўем, а пры гэтым застаецца вялізарны цяжар працы, з-за якога святары развучыліся клапаціцца пра сябе, калі гэта сапраўды неабходна. 

Паводле Папы, тут гаворка ідзе пра час “другога паклікання”. Ён пазначаны шматлікімі спакусамі, якія патрабуюць няспынных перамен і сталення. Калі не змяняцца і не сталець, можна “кепска скончыць”: напрыклад, выбіраючы двайное жыццё ці нават пакідаючы святарства. Як і ў сужэнстве, у такім узросце знікае натхненне першых гадоў, але застаецца тое, што трэба пастаянна шукаць у сябе: “радасць прыналежнасці”. Прыналежнасці да дыяцэзіі, прыналежнасці да святарства, параіў Францішак.

Апошняе пытанне скіравалі прэзбітэры, якія маюць за плячыма ўжо больш за 40 гадоў служэння. Яны казалі аб цяжкасцях, звязаных з немагчымасцю звярнуцца да былога досведу, каб адказаць на новыя выклікі. У адказ Папа заўважыў, што трэці ўзрост – гэта “ўзрост усмешкі”, і пажылыя святары павінны дарыць яе пастве. Гэта час, што шчодра прабачаць у сакрамэнце споведзі, быць па-бацькоўску блізкімі да людзей, спачуваць, слухаць і распавядаць пра ўласнае жыццё. Пантыфік заклікаў пажылых святароў падтрымліваць кантакт з маладымі, каб яны не гублялі каранёў.

Велікапосныя сустрэчы з рымскім духавенствам носяць традыцыйны характар. Штогод Пантыфік запрашае святароў і дыяканаў для размовы адносна актуальных праблем Касцёла. Падчас мінулагодняй Францішак казаў аб важнасці памяці і надзеі для развіцця веры.








All the contents on this site are copyrighted ©.