2018-02-17 11:34:00

Перадсінадальную сустрэчу моладзі прадставілі ў Ватыкане


У перадсінадальнай сустрэчы моладзі, якая пройдзе 19-24 сакавіка 2018 г. у Рыме, прымуць удзел каля 300 делегатаў з розных частак свету. Мільёны юнакоў і дзяўчат змогуць сачыць за працай пасяджэння на сайце www.synod2018.va, а таксама віртуальна прымаць удзел у дыскусіях, скіроўваючы свае заўвагі і каментары праз сацыяльныя сеткі. 

Для гэтага, да 16 сакавіка 2018 г., неабходна зарэгіставацца ў адной з шасці моўных груп перадсінадальнай сустрэчы, якія былі створаны ў “Facebook”. Акрамя таго дзейнічаюць адмысловыя шматмоўныя каналы ў “Twitter”, “Instagram” і “Whatsapp”, паведамілі падчас прэс-канферэнцыі, якая 16 лютага 2018 г. адбылася ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы.

Месцам правядзення форума будзе Папскі міжнародны калегіум “Maria Mater Ecclesiae”. Францішак асабіста адкрые пасяджэнне 19 сакавіка – у пятую гадавіну пачатку свайго служэння на Пасадзе св. Пятра. Ён скіруе прывітанне да моладзі і адкажа на пытанні пяці маладых дэлегатаў ад епіскапатаў, каталіцкіх рухаў, іншых канфесій і рэлігій, вязняў і ахвяр нарказалежнасці.

“Мы не будзе толькі размаўляць аб моладзі, але гэта яна распавядзе пра сябе: сваёй мовай, сваім энтузіязмам і сваімі пачуццямі. Бліжэйшы Сінод Біскупаў па сутнасці будзе не толькі Сінодам аб моладзі, але Сінодам моладзі і з моладдзю”, - адзначыў Генеральны Сакратар Сінода Біскупаў, кардынал Ларэнца Балдзісэры.

Паводле высокага ватыканскага іерарха, жаданне выслухаць моладзь непасрэдна, “ужывую”, абумоўлена імкненнем лепш зразумець яе сітуацыю: даведацца, што маладыя людзі думаюць пра сябе і дарослых, як жывуць сваёй верай і якія цяжкасці сустракаюць як хрысціяне, як плануюць сваё жыццё і якія праблемы маюць на шляху распазнання паклікання, як глядзяць на Касцёл сёння і якім жадаюць яго бачыць.

Кардынал Балдзісэры заўважыў, што ў перадсінадальнай сустрэчы возьмуць удзел таксама эксперты, выхавацелі і настаўнікі, якія разам з моладдзю паразважаюць як супольна будаваць будучыню Касцёла і адказваць на сучасныя праблемы. Плёнам пасяджэння стане дакумент, які будзе перададзены Святому Айцу і стане часткай “Instrumentum Laboris” – падрыхтоўчага дакумента XV Генеральнай Асамблеі Сінода.

У Пальмовую нядзелю, 25 сакавіка, удзельнікі перадсінадальнай сустрэчы ў Рыме збяруцца на Эўхарыстыі, якую папа Францішак будзе цэлебраваць на плошчы св. Пятра з нагоды XXXIII Сусветнага дня моладзі, які ў 2018 г. мае тэму: “Не бойся Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана” (Лк 1,30).

На ватыканскай прэс-канферэнцыі былі прадстаўлены першыя дадзеныя інтэрнэт-апытальніка, падрыхтаванага Генеральным Сакратарыятам Сінода Біскупаў. У агульнай колькасці адказы прыйшлі ад 221 тыс. юнакоў і дзяўчат з розных частак свету. Цалкам анкету запоўніла каля 100 тыс. чалавек, з якіх 58 тыс. – дзяўчаты і 48,2 тыс. – юнакі. 50,6% з адказаўшых на апытальнік – моладзь ва ўзросце ад 16 да 19 гадоў.

Самымі актыўнымі ўдзельнікамі апытання былі маладыя людзі з Еўропы. Іх адказы складаюць 56,4% ад агульнай колькасці запоўненых анкет. Затым ідзе Цэнтральная Амерыка – каля 20%, і Афрыка – каля 18%. 74% удзельнікаў апытання назвалі сябе католікамі, для якіх вера мае важнае значэнне. Каля 19% моладзі, хоць назвалі сябе католікамі, але прызналіся, што не вельмі цікавяцца рэлігіяй. Каля 6% апытаных – некатолікі, якія лічаць рэлігію важным элементам жыцця, і каля 8% – гэта некатолікі, якія не лічаць рэлігію чымсьці важным. 

Перадсінадальная сустрэча моладзі павінна будзе ўзбагаціць фазу кансультацый перад XV Генеральнай Асамблеяй Сінода Біскупаў, якая пройдзе ў кастрычніку 2018 г. на тэму “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”.








All the contents on this site are copyrighted ©.