2018-02-17 13:19:00

Новыя члены Папскай камісіі па абароне непаўналетніх


17 лютага 2018 г. Святы Айцец пацвердзіў на пасадзе старшыні Папскай камісіі па абароне непаўналетніх амерыканскага кардынала Шона О’Мэлі, а таксама прызначыў шаснаццаць членаў гэтай ватыканскай структуры, дзевяць з якіх новыя – законніцы і свецкія вернікі з Вялікабрытаніі, Індыі, Італіі, Аўстраліі, Эфіопіі, Бразіліі, Нідэрландаў, Тонга і ЗША. Сем членаў Камісіі, якія былі пацверджаны на сваіх пасадах, паходзяць з Філіпін, Калумбіі, Германіі, Польшчы, Замбіі, Паўднёвай Афрыкі і ЗША.

У спецыяльнай заяве кардынала О’Мэлі падкрэсліваецца, што Францішак зрабіў прызначэнні пасля глыбокай рэфлексіі і малітвы. “Прызначаныя камісары папоўняць глабальную перспектыву ў абароне непаўналетніх і ўразлівых дарослых людзей. Святы Айцец запэўніў у прадаўжэнні працы нашай Камісіі, якая заключаецца ў дапамозе мясцовым Касцёлам ва ўсім свеце ў іх намаганнях, накіраваных на абарону ад ран дзяцей, моладзі і ўразлівых дарослых”, - гаворыцца ў паведамленні. 

Папская камісія па абароне непаўналетніх была створана па ініцыятыве Францішка 22 сакавіка 2014 г. На сённяшні дзень у яе склад, акрамя старшыні, уваходзяць 16 членаў – 8 мужчын і 8 жанчын, – з усіх кантынентаў. Задача кансультатыўнага органу заключаецца ў тым, каб прапаноўваць Святому Айцу своечасовыя ініцыятывы па абароне непаўналетніх і ўразлівых дарослых ад сексуальных злоўжыванняў у Касцёле і садзейнічаць развіццю адказнасці на ўзроўні мясцовых Касцёлаў. Усе члены гэтай ватыканскай структуры прызначаюцца Папам на трохгадовы тэрмін.








All the contents on this site are copyrighted ©.