2018-02-17 14:30:00

Францішак: семінарыя – школа вернасці Хрысту і Касцёлу


“Існуе вялікая патрэба ў Божых людзях, сканцэнтраваных на самым галоўным, якія вядуць сціплае і празрыстае жыццё, без настальгіі па мінуламу”, - адзначыў папа Францішак падчас сустрэчы з супольнасцю Папскай рэгіянальнай семінарыі на Сардзініі. Аўдыенцыя адбылася 17 лютага 2018 г. у Клементыйскай зале ватыканскага Апостальскага палаца.

У прамове Пантыфік заклікаў семінарыстаў “з радасцю, настойлівасцю і спакоем” прайсці шлях сваёй духоўнай фармацыі. Паводле яго слоў, сёння існуе патрэба ў святарах, здольных “працаваць разам”, у тым ліку ў рамках супрацоўніцтва паміж рознымі дыяцэзіямі.

Папа пажадаў, каб сярод прыярытэтаў у душпастырстве заўсёды знаходзіліся экзістэнцыяльныя перыферыі. “Сучасная матэрыяльная і духоўная беднасць робіць яшчэ больш важным тое, што заўсёды патрабавалася, а менавіта, каб пастыры былі ўважлівымі да бедных, здольныя прабываць з імі, весці просты лад жыцця, каб бедныя адчувалі, што нашы касцёлы, гэта ў першую чаргу іх дом”, - сказаў Пантыфік. 

Францішак падкрэсліў, што семінарыя – гэта сапраўдная школа вернасці Хрысту, Яго Касцёлу, пакліканню і евангелізацыйнай місіі. Ён заклікаў выхавацеляў з сумленнасцю і мудрасцю працаваць дзеля фармавання шчырых і ўраўнаважаных асобаў, здольных належна прыняць і з адказнасцю выконваць прэзбітэрскую місію.








All the contents on this site are copyrighted ©.