2018-02-19 15:21:00

Касцёл спрыяе развіццю афрыканскага рэгіёну Сахель


19 лютага 2018 г. у Дакары, сталіцы Сенегала, распачалася праца штогадовага пасяджэння Адміністрацыйнай рады Фонда Яна Паўла II па пытаннях развіцця афрыканскага рэгіёну Сахель, заснаванага у 1984 г. Першапачаткова створаная пры Папскай радзе “Cor Unum” структура сёння дзейнічае ў складзе ватыканскай Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Форум будзе працягвацца да 23 лютага 2018 г.

Сярод удзельнікаў канферэнцыі – падсакратар узгаданай Дыкастэрыі мансіньёр Сэгунда Тэхада Муньяс, а таксама члены Адміністрацыйнай рады Фонда – біскупы з Буркіна-Фасо, Сенегала, Маўрытаніі, Нігера, Каба-Вэрдэ, Чада, Гамбіі, Гвінеі-Бісау і Малі.

У ходзе сустрэчы будуць разглядацца чарговыя праекты, прадстаўленыя для атрымання фінансавання. У 2017 г. Фонд выдаткаваў каля 2,3 мільёнаў долараў на рэалізацыю 127 ініцыятыў, у 2016 ім было прафінансавана звыш за 3 200 праектаў на агульную суму каля 38 мільёнаў долараў.

У супрацоўніцтве з епіскапатамі Італіі і Германіі, а таксама з мясцовым Касцёлам, Фонд ад імя Святога Айца рэалізуе праекты на карысць развіцця рэгіёну Сахель: у прыватнасці, накіраваныя на барацьбу з апустыньваннем, развіццё сельскагаспадарчых адзінак, усталяванне вадапомпавых станцый, паляпшэнне якасці пітной вады і пашырэнне аднаўляльных крыніц энергіі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.