2018-02-19 12:30:00

Францішак прымае ўдзел у духоўных практыкаваннях


Святы Айцец прымае ўдзел у велікапосных рэкалекцыях, якія праходзяць пад кіраўніцтвам партугальскага душпастыра, тэолага і паэта, кс. Жазэ Таленціна Мэндонсы. 19 лютага 2018 г. удзельнікі духоўных практыкаванняў разважалі над апошнімі словамі, прамоўленымі Езусам у Апакаліпсісе св. Яна: “І хто прагне, няхай прыйдзе” (22,17). 

Рэкалекцыяніст заўважыў, што перажываць прагу заўсёды нялёгка. У якасці прыкладу ён узгадаў аднаго з галоўных персанажаў рамана “Смага і голад” Эжэна Іанэско, унутры якога пасялілася “бясконцая пустата”, неспакой, які нішто не магло суцішыць, які рабіў яго “чалавекам без каранёў, без дома, няздольным ствараць сувязі, згубленым ў пустаце лабірынту, дзе чутны толькі самотны грукат уласных крокаў”.

Паводле кс. Мэндонсы, такая прага робіць чалавека незадаволеным, халодным у адносінах да таго, што па-сапраўднаму важнае, няздольным да праніклівасці, падштурхоўвае шукаць выйсця ў матэрыяльным спажывецтве, якое сучаснае грамадства імкнецца прадставіць у выглядзе крытэрыя шчасця. Але чалавек трапляе ў пастку кожны раз, калі думае спатоліць прагу ў набыванні рэчаў. Гэта абесцэньвае прагу і пашырае пустату ўнутры нас. 

Не існуе лекаў, каб задаволіць нашу прагу. Таму трэба “запаволіць крокі”, “усвядоміць нашы патрэбы”, сесці за стол веры. Прага адносін, прыняцця, любові прысутнічае ў кожным чалавеку. Гэта “біяграфічная спадчына”, якую мы пакліканы распазнаць і за якую павінны дзякаваць. Гэта не штосьці банальнае, таму яе спаталенне варта даверыць Богу, заклікаў рэкалекцыяніст.

Духоўныя практыкаванні Святога Айца пачаліся 18 лютага 2018 г. у горадзе Арыча, прыкладна ў 30 км ад Рыма. У сваім першым разважанні, якое прагучага праз некалькі гадзін пасля прыезду Пантыфіка, кс. Жазэ Таленціна Мэндонса нагадаў удзельнікам рэкалекцый пра тое, што не толькі чалавек прагне Бога, але таксама і Бог прагне чалавека.

Каментуючы евангельскі ўрывак аб сустрэчы Езуса з самаранкай ля студні Якуба (Ян 4, 5-15), рэкалекцыяніст заўважыў, што Езус прыйшоў у сваёй слабасці, каб шукаць нас. Ён прагне дасягнуць нашай прагі, увайсці ў кантакт з нашымі ранамі. Нашы прагненні вялікія, але прага Бога яшчэ большая, сказаў кс. Мэндонса.

Святар заўважыў, што Езус, адкрываючы самаранцы праўду пра яе жыццё, не прынізіў яе і не паралізаваў. Наадварот, яна адчула, што была наведана ласкай, а праўда Пана вызваліла яе. Кс. Мэндонса заклікаў удзельнікаў рэкалекцый “адчуць абдымкі Бога”, які ведае кім з’яўляецца кожны, “навучыцца ласцы, якая зробіць магчымым жыццё ўнутры нас”. Скажам у нашай душы: “Пане, я тут не чакаю нічога”. Гэта значыць: “Чакаю толькі Цябе, толькі таго, што Ты можаш мне даць”, - заклікаў партугальскі тэолаг.








All the contents on this site are copyrighted ©.