2018-02-20 14:28:00

Пантыфік наведае парафію на ўскраіне Рыма


У нядзелю 25 лютага 2018 г. Францішак наведае рымскую парафію св. Геласія І, Папы, якая знаходзіцца на паўночна-ўсходняй перыферыі Вечнага горада, на вія Ферма Корні ў раёне Понтэ-Мамола. 

У праграме пастырскага візіту: сустрэча з парафіяльнай моладдзю і дзецьмі, пажылымі і хворымі людзьмі, сем’ямі, валанцёрамі мясцовага аддзялення “Сaritas”. Пантыфік выслухае сведчанні двух маладых мігрантаў з Габона, аб якіх клапоціцца парафія, паспавядае вернікаў.

Кульмінацыяй візіту стане Эўхарыстыя, якую ўзначаліць Папа. У ёй прымуць удзел не толькі мясцовыя святары, але таксама пробашчы з суседніх парафій і пажылыя прэзбітэры, якія ўжо не прымаюць удзелу ў душпастырстве. Адно з літургічных чытанняў было даручана прачытаць невідушчаму парафіяніну.

Парафія св. Геласія І, Папы, была заснавана ў 1972 г. Душпастырствам у ёй займаюцца святары з касцёльнага таварыства “Missione Chiesa-Mondo”. Кожны тыдзень парафіяльная супольнасць аказвае дапамогу каля 250 бедным, якія маюць магчымасць атрымаць тут вопратку і прадукты харчавання. 








All the contents on this site are copyrighted ©.