2018-02-21 14:49:00

Кінафестываль у рамках юбілею харызмата св. Вінцэнта дэ Поля


18-21 кастрычніка 2018 г. у італьянскім мястэчку Кастэль-Гандольфа, на тэрыторыі якога знаходзіцца летняя рэзідэнцыя Пантыфікаў, пройдзе міжнародны кінафестываль, які стане заключным мерапрыемствам святкавання 400-годдзя харызмату служэння бедным па прыкладзе св. Вінцэнта дэ Поля. Юбілей адзначаецца духоўнымі паслядоўнікамі гэтага французскага святога з 27 верасня 2017 г. 

Фестываль мае на мэце абудзіць крэатыўнасць у пошуку шляхоў распаўсюджвання міласэрнасці, гаворыцца ў паведамленні арганізатара падзеі, якім з’яўляецца “Вінцэнційская сям’я” – міжнароднае аб’яднанне супольнасцей і рухаў, натхнёных духоўнасцю, жыццём і дзейнасцю св. Вінцэнта дэ Поля. Творчыя праекты будуць прымацца да разгляду журы да 28 мая 2018 г.

Конкурсная праграма, аб’яднаная тэмай жыцця на карысць бедным, будзе падзелена на тры секцыі – для ўдзельнікаў ва ўзросце да 18 гадоў, для сцэнарыстаў і для рэжысёраў. Галоўным крытэрыем ацэнкі праектаў будзе іх здольнасць натхняць на служэнне бедным і змяняць нашае ўспрыняцце феномену галечы. Лепшыя каротка- і паўнаметражныя фільмы будуць паказаны ў рамках фестывалю.

Акрамя таго, праграмай форума ў Кастэль-Гандольфа прадугледжаны выставы і тэматычныя канферэнцыі, працы ў групах і шэраг культурных мерапрыемстваў.

Св. Вінцэнт дэ Поль, ураджэнец французскай Гасконі, жыў на мяжы XVI-XVII стст. Ужо будучы святаром, у 1617 г., ён прысягнуў цалкам прысвяціць сваё жыццё служэнню бедным, сіротам, хворым і вязням. Дэ Поль з’яўляецца заснавальнікам Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці (шарыткі) і Кангрэгацыі Айцоў Місіянераў (лазарыстаў).








All the contents on this site are copyrighted ©.