2018-02-21 12:24:00

На рэкалекцыях для Папы разважалі аб духоўным значэнні слёз


Значэнне слёз у жыцці чалавека і адносінах з Богам было галоўнай тэмай чарговай медытацыі, якую раніцай 21 лютага 2018 г. пачуў Папа і супрацоўнікі Рымскай курыі падчас велікапосных духоўных практыкаванняў у італьянскім Арыча. У сваім разважанні рэкалекцыяніст, кс. Жазэ Таленціна Мэндонса, падкрэсліў, што слёзы сведчаць аб празе жыцця і адносін.

Партугальскі святар спаслаўся на некалькі прыкладаў са Святога Пісання. Ён узгадаў пра слёзы шматлікіх жанчын, якія сустракаюцца на старонках Евангелля, пра слёзы самаго Езуса, які бярэ на сябе сітуацыю чалавека, становіцца адным з нас і так злучае нашыя слёзы са сваімі. Калі Хрыстус плача, ён збірае ўсе слёзы свету, падкрэсліў рэкалекцыяніст.

Святар распавёў таксама пра назіранні французскага псіхааналітыка Юліі Крыставай, якая казала, што слёзы чалавека ў стане дэпрэсіі маюць вельмі важнае значэнне: яны сведчаць, што асоба пачынае аддаляцца ад спакусы самазабойства. Слёзы кажуць аб празе жыцця, а не смерці.

Паводле кс. Мэндонсы, пачынаючы з маленства нашы слёзы распавядаюць аб празе адносін. Плакалі многія святыя, напрыклад, св. Ігнацый Лаёла. Румынскі філосаф Эміль Чоран казаў, што падчас Апошняга суда будуць улічвацца толькі слёзы, а рэлігія паклікана навучыць людзей плакаць: слёзы – гэта тое, што можа зрабіць нас святымі, пасля таго, як мы сталі чалавечнымі.

Рэкалекцыяніст зазначыў, што біяграфія кожнага чалавека можа быць расказана праз слёзы: слёзы радасці, весялосці, смутку, пакінутасці, пакаяння... Ён заклікаў удзельнікаў духоўных практыкаванняў падумаць пра свае пралітыя слёзы, а таксама пра тыя, што засталіся клубком у горле, болем у душы. Бог ведае пра ўсе іх і прымае як малітву, падкрэсліў святар.

Вечарам 20 лютага медытацыя падчас рэкалекцый для Папы была прысвечана празе Езуса як знаку экзістэнцыяльнай прагі чалавека. Кс. Мэндонса нагадаў, што ў Евангеллі ад св. Яна, акрамя аповеду пра прагу Хрыста на Кальварыі, пра яе ўзгадваецца тройчы.

Падчас сустрэчы з самаранкай Хрыстус казаў: “Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў адчуе прагу. А хто б піў ваду, якую Я дам яму, не зазнае смагі навекі” (Ян 4,13-14). Затым, у прамове аб хлебе жыцця, Ён сцвярджаў: “Хто прыходзіць да Мяне, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не будзе прагнуць” (Ян 6,35). Нарэшце, падчас юдэйскага свята Шатроў, Езус заклікаў: “Калі хто прагне, няхай прыйдзе да Мяне і п’е” (Ян 7,37).

Прага, аб якой кажа Хрыстус, мае не фізічнае, а духоўнае значэнне. Мець прагу – значыць “верыць у Езуса”, а піць – “прыходзіць да Хрыста”. Гаворка ідзе пра экзістэнцыяльную прагу, якая спаталяецца праз упадабненне нашага жыцця да жыцця Пана. Прагнуць – значыць прагнуць Яго. Мы пакліканы жыць, ставячы Хрыста ў цэнтр нашага існавання: выходзіць з зоны камфорту і шукаць у Хрысце ваду, якая спатоліць нашу прагу, перамагаючы спакусу самадастатковасці, якая прыводзіць да духоўных хваробаў.

Кс. Мэндонса нагадаў, што Маці Тэрэза з Калькуты прасіла, каб слова “Прагну”, якое Езус прамовіў перад смерцю на крыжы, было змешчана ва ўсіх капліцах манаскай супольнасці, якую яна заснавала. Яго прага моцна спалучана з прагай чалавека. Яна разрывае кайданы, якія нас закрываюць у эгаізме, і вядзе да духоўнай свабоды. Яго прага вызваляе глыбока схаваныя сілы, што прысутнічаюць у нас, каб мы маглі станавіцца людзьмі, здольнымі спачуваць, будаваць мір, не ігнаруючы пакут і канфліктаў сучаснага свету, але ствараючы супольнасці і месцы, напоўненыя любоўю, дзеля распаўсюджвання надзеі на планеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.