2018-02-23 15:45:00

Пантыфік завяршыў удзел у духоўных практыкаваннях


Святы Айцец завяршыў удзел у духоўных практыкаваннях. Рэкалекцыі праходзілі 18-23 лютага 2018 г. у духоўным цэнтры італьянскага горада Арыча, у 30 кіламетрах ад Рыма. Разам з Пантыфікам у іх прымалі ўдзел яго бліжэйшыя супрацоўнікі: іерархі і найвыйшэйшыя прэлаты Рымскай курыі. Праводзіў духоўныя практыкаванні кс. Жазэ Таленціна Мэндонса.

Пантыфік падзякаваў партугальскаму святару за падрыхтаваныя медытацыі і асабліва адзначыў яго імкненне прадставіць Касцёл як “маленькі статак”, які, аднак, не можа быць пазначаны “бюракратычнай свецкасцю”. Каталіцкі Касцёл – “не клетка для Духа Святога”, бо “Дух лунае нават па-за ім і дзейнічае, у тым ліку, у няверуючых, у нехрысціянах, у асобах іншага веравызнання”, сказаў Папа.

Перад ад’ездам у Ватыкан удзельнікі рэкалекцый выслухалі апошняе разважанне. Засяродзіўшыся на евангельскіх благаслаўленнях з “Нагорнага казання”, кс. Мэндонса запрасіў іх шчыра ісці за Хрыстом, бо яны з’яўляюцца Яго “абліччам” і “жыццём”.

Благаслаўленні, пра якія чытаем у Евангеллі паводле св. Мацвея (Мц 5,1-11), з’яўляюцца нечым большым за закон. Яны ўвасабляюць “структуру жыцця”, “сапраўднае экзістэнцыяльнае пакліканне”, падкрэсліў рэкалекцыяніст і дадаў, што гаворка ідзе пра “мастацтва быцця тут і зараз” і адначасова “гарызонт эсхаталагічнай завершанасці”, да якога рухаемся.

Благаслаўленні ўвасабляюць “найбольш дакладны і прывабны аўтапартрэт Езуса”, “убогага духам, лагоднага і міласэрнага, прагнучага справядлівасці і міратворцы, надзеленага здольнасцю ўсіх прымаць”. Гэта выява павінна служыць для нас мадэллю, бо чым больш мы будзем ёй адпавядаць, тым больш выразна ўбачым, кім Бог ёсць на самой справе, заключыў рэкалекцыяніст.








All the contents on this site are copyrighted ©.