2018-02-23 11:59:00

Пантыфік прыме членаў сям'і асуджанай у Пакістане хрысціянкі


Францішак прыме на аўдыенцыі 24 лютага 2018 г. некалькі сведкаў пераследу хрысціян у сучасную эпоху: мужа і дачку пакістанскай верніцы Асіі Норын, больш вядомай як Азія Бібі, асуджанай да смяротнага пакарання па спрэчным законе аб блюзнерстве, і маладую нігерыйскую верніцу Рэбэку Бітрус, якая два гады правяла ў няволі ў баевікоў ісламісцкай тэрарыстычнай групоўкі “Бока Харам”.

Госці Святога Айца прыбылі ў Рым па запрашэнні Папскага дабрачыннага фонда “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”. Пасля аўдыенцыі яны прымуць удзел у ініцыятыве пад назвай "Colosseo Rosso" (Чырвоны Калізей), у рамках якой старажытны рымскі амфітэатр будзе падсветлены чырвоным колерам, каб нагадаць аб драматычнай сітуацыі мноства людзей, якія ў наш час пакутуюць за сваю веру ў Езуса Хрыста. Аналагічную падсветку ў гэты дзень будзе мець катэдральны касцёл св. Паўла у іракскім Масуле і мараніцкая катэдра св. Ільі ў сірыйскім Алепа. 

Сваякі Азіі Бібі і Рэбэка Бітрус падзеляцца сваімі сведчаннямі падчас адмысловай сустрэчы, якая пройдзе перад Калізеем. Папу на ёй будзе прадстаўляць кардынал Маўра П'ячэнца. Аб сваім удзеле ў мерапрыемстве заявіў таксама старшыня Еўрапейскага Парламента Антоніа Таяні.

Азія Бібі з’яўляецца першай пакістанскай жанчынай, асуджанай на смяротнае пакаранне за нібыта здзейсненае блюзнерства супраць прарока Мухамеда. У чаканні выканання прысуду яна знаходзіцца ў турме на сваёй Радзіме ўжо на працягу дзевяці гадоў. Вызваліць пакістанскую хрысціянку прасіў Бэнэдыкт XVI, а таксама шматлікія палітычныя і грамадскія дзеячы ва ўсім свеце. У 2015 г. з яе сваякамі сустракаўся Францішак.

Рэбека Бітрус была выкрадзена тэрарыстамі “Бока Харам” у 2014 г. У няволі яна падвяргалася здзекам, прыніжэнням і гвалту. Жанчына распавяла, што папросіць Францішка аб малітве за ўсіх нігерыйскіх дзяўчат, якія працягваюць знаходзіцца ў руках гэтай групоўкі.








All the contents on this site are copyrighted ©.