2018-02-23 15:13:00

Першае велікапоснае казанне прагучала ў Ватыкане


Заклік св. Паўла: “Не дастасоўвайцеся да гэтага веку” (Рым 12,2), паслужыў тэмай для першага велікапоснага казання, якое прапаведнік Папскага дома а. Раньера Канталамеса прамовіў раніцай 23 лютага 2018 г. у капліцы “Redemptoris Mater” ватыканскага Апостальскага палаца. Святы Айцец не прысутнічаў на ім, бо знаходзіўся на рэкалекцыях у італьянскім горадзе Арыча.

У казанні капуцын спаслаўся на евангельскія словы: “Калі хто любіць свет, у тым няма любові Айца. Бо ўсё, што ў свеце – пажадлівасць цела, пажадлівасць вачэй і жыццёвая пыха, – не ад Айца, але ад гэтага свету” (1Ян 2,15-16). Езус заклікае “быць у свеце, але не быць з гэтага свету”, падкрэсліў ён.

На працягу гісторыі паслядоўнікі Хрыста разумелі і рэалізоўвалі гэты прынцып па-рознаму. Першыя вернікі ў сваім імкненні заставацца “соллю зямлі” ўцякалі ад гэтага свету літаральна – у пустыню. Так нарадзілася манаства. З часам непрыналежнасць да свету пачала разумецца ў якасці не матэрыяльнага, а духоўнага ўцякання – не ў пустыню, а ў напрамку Неба. 

“Уцяканне заключаюцца не ў тым, каб пакінуць зямлю, але каб, застаючыся на зямлі, прытрымлівацца справядлівасці і памяркоўнасці, выракацца заганаў, а не спажывання ежы”, - працытаваў папскі прапаведнік думку св. Амброзія.

Паводле слоў а. Канталамесы, мы перажываем крызіс ідэі адасаблення ад свету, выкліканы, галоўным чынам, феноменам секулярызацыі. Паняцце “свету” або “веку”, якое ў гісторыі хрысціянскай духоўнасці мела негатыўнае значэнне, указваючы на “час, падпарадкаваны граху”, сёння набыло значэнне выключна пазітыўнае. “Нараджаецца тэалогія секулярызацыі”, - заўважыў законнік.

На думку італьянскага капуцына, гэтая небяспечная тэндэнцыя з’яўляецца нагодай, каб вярнуцца да Божага слова, “жывога і вечнага”. Святое Пісанне заклікае выйсці насустрач людзям, асабліва бедным і пакутуючым. “Змяшацца з гэтым светам пакут і маргіналізацыі – гэта, як ні парадаксальна, найлепшы спосаб адасаблення ад свету, бо гэта значыць ісці туды, адкуль свет з усіх сваіх сіл уцякае. Значыць аддаляцца ад эгаізму, які кіруе светам”, - сказаў прапаведнік.

Айцец Канталамеса выказаў перакананне, што змены павінны адбыцца, найперш, у спосабе мыслення вернікаў, у іх веры, бо менавіта дзякуючы ёй хрысціянін перастае належыць гэтаму свету. Прапаведнік перасцярог ад памылковага ўспрыняцця свету як заведама дрэннага і варожага, але заклікаў не прывязвацца да таго, што прамінае і зводзіць з добрага шляху. “Што ёсць багацце, здароўе, слава, калі не сон, што рассейваецца на світанні?” - спытаўся капуцын і заклікаў да стрыманасці ў адносінах да марных рэчаў гэтага свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.