cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Сустрэчы і падзеі

Францішак да мастакоў: сведчыць аб прыгажосці веры

Францішак да мастакоў: сведчыць аб прыгажосці веры

24/02/2018 15:23

Сведчыць аб Божай любові з дапамогай мастацтва заклікаў Папа членаў каталіцкай асацыяцыі “Дыяканія прыгажосці” (Diaconia della bellezza) – аб’яднання прадстаўнікоў творчых прафесій, жадаючых спрыяць сустрэчы паміж мастацтвам і верай. Аўдыенцыя прайшла 24 лютага 2018 г. з нагоды ўспаміну Фра Беата Анджэліка – італьянскага мастака эпохі Адраджэння, дамініканскага законніка і благаслаўлёнага Каталіцкага Касцёла.

“Праз вас хачу перадаць мае шчырыя прывітанні ўсім мастакам, якія сваімі талентамі і запалам дапамагаюць заззяць прыгажосці, а таксама асобам, што перажываюць перыяд упадку, каб дзякуючы сустрэчы з прыгажосцю мастацтва маглі зноў вярнуцца да жыцця”, - сказаў сваім гасцям Папа.

Францішак нагадаў словы св. Яна Паўла ІІ пра тое, што прыгажосць – гэта асаблівае пакліканне, якое Стварыцель скіроўвае да чалавека, адараючы яго “мастацкімі талентамі”, якія, у сваю чаргу, павінны прыносць плёны, у духу евангельскай прыпавесці пра таланты (Мц 25,14-30).

“Дары, якія вы атрымалі з’яўляюцца для кожнага з вас адказнасцю і місіяй. Сапраўды, вы пакліканы працаваць, не дазваляючы пошуку марнай славы і лёгкай папулярнасці панаваць над сабой, а тым больш чыстаму разліку, злучанаму толькі з асабістай выгадай”, - сказаў Пантыфік.

Спасылаючыся на словы сваёй энцыклікі “Laudato si’”, Папа заклікаў мастакоў, “з дапамогай талентаў і чэрпаючы з крыніц хрысціянскай духоўнасці”, прапаноўваць “альтэрнатыўны спосаб разумення якасці жыцця і заахвочваць да прароцага і сузіральнага ладу жыцця, здольнага да глыбокай радасці, пазбягаючы апантаннасці спажывецтвам”, а таксама служыць стварэнню і клопату аб “аазісе прыгажосці” нашых гарадоў, вельмі часта цэментных і бяздушных”.

Святы Айцец заклікаў мастакоў развіваць свае таленты, служачы “экалагічнаму навяртанню”, якое ўлічвае неад’емную годнасць чалавека, яго выключную каштоўнасць, крэатыўнасць і здольнасць спрыяць супольнаму дабру. “Заахвочваю вас, праз гэтую “Дыяканію прыгажосці”, садзейнічаць культуры сустрэчы, будаваць масты між людзьмі і народамі, у свеце, дзе яшчэ ўзводзіцца вялікая колькасць муроў, па прычыне страху перад іншымі людзьмі”, - пажадаў Францішак.

Пантыфік заклікаў сваіх гасцей сведчыць, што “верыць у Хрыста і наследаваць Яго, гэта не толькі слушная і справядлівая справа, але таксама прыгожая, здольная напоўніць жыццё новым бляскам і глыбокай радасцю, нават сярод цяжкіх выпрабаванняў”.

“Касцёл разлічвае на вас, каб зрабіць датыкальнай Прыгажосць Божай любові, якую немагчыма выразіць, каб дазволіць кожнаму чалавеку адкрыць прыгажосць таго, што ён з’яўляецца любімым Богам, прыгажосць напоўненасці Ягонай любоўю, каб жыць у ёй і сведчыць аб ёй перад іншымі, асабліва тымі, хто быў маргіналізаваны, паранены, адрынуты нашымі грамадствамі”, - падкрэсліў Святы Айцец.

“Дыяканія прыгажосці” была заснавана ў 2012 г. падчас Сінода Біскупаў аб новай евангелізацыі. У яе ўваходзяць паэты, музыканты, мастакі, скульптары, архітэктары, рэжысёры, акцёры, танцоры з розных краін свету. Дзейнасць аб’яднання заснавана на пяці стаўпах: малітве, сведчанні, фармацыі, салідарнасці і стварэнні мастацкіх цэнтраў. Аўдыенцыя ў Папы прайшла ў рамках сімпозіума гэтай арганізацыі, які 18-25 лютага 2018 г. праходзіць у Рыме.


24/02/2018 15:23