24 лютага 2018 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі ў ватыканскім Апостальскім палацы ўрадавую дэлегацыю Босніі і Герцагавіны ў складзе старшыні Прэзідыума краіны Драгана Човіча і двух яго членаў: Младэна Іваніча і Бакіра Ізэтбегавіча.
Пасля сустрэчы з Пантыфікам палітыкі правялі размову з кардыналам Пьетра Паралінам, Дзяржсакратаром Яго Святасці Папы, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі.
Падчас размоў, якія праходзілі ў цёплай атмасферы, было выказана задавальненне добрым станам адносін паміж Святым Пасадам і Босніяй і Герцагавінай, пацверджана намаганне ісці шляхам канструктыўнага двухбаковага супрацоўніцтва і ўзмацняць міжрэлігійны дыялог.
Акрамя таго, абмяркоўвалася ўнутраная сітуацыя ў Босніі і Герцагавіне, выклікі эканамічнага і сацыяльнага характару. У гэтым кантэксце была падкрэслена тэрміновая неабходнасць пашыраць ініцыятывы, якія б гарантавалі годную будучыню новым пакаленням.
Гаворка ішла і пра патрэбу ва ўзгодненых рэформах, у перспектыве інтэграцыі краіны ў Еўрасаюз, якія будуць спрыяць мірнаму суіснаванню і падтрыманню атмасферы прымірэння ў грамадстве. Закраналіся таксама пытанні палітычнага характару, у тым ліку супрацоўніцтва паміж краінамі рэгіёну.
All the contents on this site are copyrighted ©. |