2018-02-24 11:02:00

Францішак спачувае ў сувязі з дарожным здарэннем у Перу


Святы Айцец выказаў спачуванні ў сувязі дарожным здарэннем ў паўднёвай частцы Перу, дзе ў выніку падзення аўтобуса з абрыва загінулі па меншай меры 35 чалавек. Папа даверыў Божай міласэрнасці ўсіх ахвяр трагедыі, параненых і іх сем’і, выказваючы сваю блізкасць у гэтыя хвіліны пакут. Спачувальная тэлеграма была накіравана за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна на імя арцыбіскупа Хаўера Аўгуста Дэль Рыа Альбы, пастыра дыяцэзіі Арэкіпа.

Аварыя адбылася 21 лютага 2018 г. на пакручастым участку Панамерыканскай шашы ў раёне ракі Аканья. Паводле папярэдніх дадзеных, вадзіцель аўтобуса не справіўся з кіраваннем, у выніку чаго транспартны сродак упаў з амаль 200-мятровага абрыва.

Гаворка ідзе пра другое буйное дарожнае здарэнне ў Перу ў бягучым годзе. У студзені ля ўзбярэжжа Ціхага акіяну аўтобус, пасля сутыкнення з грузавіком, упаў са 100-мятровага абрыва, у выніку чаго загінулі 48 чалавек. 








All the contents on this site are copyrighted ©.