2018-02-24 19:45:00

Папа сустрэўся са сведкамі пераследу на рэлігійнай глебе


Францішак прыняў ў Ватыкане мужа і дачку пакістанскай хрысціянкі Азіі Норын, больш вядомай як Азія Бібі, асуджанай у сябе на Радзіме на смяротнае пакаранне за нібыта здзейсненае блюзнерства супраць прарока Мухамеда, а таксама нігерыйскую верніцу Рэбеку Бітрус, якая на працягу двух гадоў утрымлівалася ў няволі баевікамі тэрарыстычнай групоўкі “Бока Харам”.

Сустрэча адбылася 24 лютага 2018 г. і працягвалася каля 40 хвілін. Яна насіла прыватны характар, таму праходзіла за закрытымі дзвярыма. Паводле ініцыятара аўдыенцыі, старшыні італьянскага аддзялення Папскага дабрачыннага фонда “Дапамогай Касцёлу ў патрэбе” Алесандра Монтэдура, удзельнікі сустрэчы памаліліся з Папам, а таксама абмеркавалі з ім некаторыя пытанні. Францішак назваў Азію Бібі і Рэбеку Бітрус сучаснымі мучаніцамі.

Вечарам госці Святога Айца прынялі ўдзел у малітоўнай сустрэчы на плошчы Гаэтана Ан’езі, якая знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад рымскага Калізея. Падчас яе прагучалі сведчанні ад пераследзе хрысціян на Блізкім Усходзе і ў іншых рэгіёнах планеты. Пантыфіка прадстаўляў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін.

У сувязі з падзеяй ілюмінацыя Калізея на адзін вечар стала чырвонай. Такая незвычайная падсветка павінна была звярнуць увагу на лёс вялікай колькасці людзей ва ўсім свеце, якія пакутуюць за сваю веру ў Езуса Хрыста. Аналагічнае асвятленне ў гэты вечар меў катэдральны касцёл св. Паўла у іракскім Масуле і мараніцкая катэдра св. Ільі ў сірыйскім Алепа.

Арганізатарам акцыі стаў Папскі дабрачынны фонд “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”, які ад самага свайго заснавання ў 1947 г. вядзе барацьбу з пераследам на рэлігійнай глебе. У чэрвені 2017 г., па ініцытыве гэтай асацыяцыі, на знак салідарнасці з сучаснымі мучанікамі чырвоным колерам быў падсветлены іншы знакаміты архітэктурны помнік Вечнага горада – фантан Трэві. 








All the contents on this site are copyrighted ©.