2018-02-27 11:38:00

Кніга-інтэрв’ю Францішка да Сінода Біскупаў на тэму моладзі


“Бог – малады” – гэта назва новай кнігі папы Францішка, міжнародная прэм’ера якой запланавана на 20 сакавіка 2018 г. Яна выйдзе ў фармаце інтэрв’ю. Святы Айцец адказвае на пытанні журналіста і пісьменніка, 32-гадовага Томаса Леанчыні, аўтара інтэрв’ю з вядучымі дзеячамі палітыкі, эканомікі і кіно.

Выданне прымеркавана да Сусветнага дня моладзі, які адзначаецца ў Пальмовую нядзелю і сёлета будзе папярэднічаць кастрычніцкай асамблеі Сінода Біскупаў, прысвечанай маладым людзям.

Італьянскі арыгінал будзе апублікаваны ў выдавецтве “Piemme”, якое належыць групе “Mondadori”. Яно таксама будзе кіраваць правамі на пераклад па ўсім свеце.

Францішак звяртаецца ў кнізе да маладых людзей на ўсім свеце, якія належаць або не належаць да Касцёла, уступаючы з імі ў “адважны, глыбокі і запамінальны” дыялог, паведамляе выдавец. У гутарках з Леанчыні Папа “з сілай і запалам” апісвае найбольш важныя праблемы сучаснасці, паказвае на ролю маладых герояў агульнай гісторыі, “выхопліваючы гэтых вялікіх Забытых нашых неспакойных часоў з узбочын, на якія яны былі выкінуты”.

Гэта не першая кніга-інтэрв’ю Францішка. “Імя Бога – Міласэрнасць” – так называлася размова, якую правёў з Папам італьянскі журналіст-ватыканіст Андрэа Тарніелі, задаючы яму 40 пытанняў, – з’явілася ў студзені 2016 г. Праз некалькі месяцаў сіламі Віцебскай дыяцэзіі, грэка-каталіцкай парафіі святамучаніка Язафата ў Полацку і Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё яна была выдадзена на беларускай мове. 

XV Агульнае пасяджэнне Сіноду Біскупаў на тэму “Моладзь, вера і распазнанне паклікання” пройдзе ў Рыме з 3 па 28 кастрычніка 2018 г. з удзелам біскупаў з усяго свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.