2018-02-27 15:46:00

У Ватыкане праходзіць форум аб ахове здароўя


Ахова здароўя, барацьба з хваробамі і абарона навакольнага асяроддзя – тэмы IV Міжнароднай канферэнцыі, якая праходзіць у Ватыкане 26-28 лютага 2018 г. пад назвай “Unite to cure” (Аб’яднаць дзеля клопату). Форум арганізаваны Папскай радай па культуры ў супрацоўніцтве з некалькімі дабрачыннымі і адукацыйнымі фондамі.

Канферэнцыя сабрала навукоўцаў, медыкаў, пацыентаў, сем’і, маральных і рэлігійных лідэраў, палітыкаў, прадстаўнікоў бізнесу і грамадзянскай супольнасці. У ходзе дыскусій, мадэратамі на якіх выступаюць вядомыя амерыканскія журналісты і ўрачы, абмяркоўваюцца навуковыя інавацыі і іх значэнне для будучыні чалавецтва.

Паводле арганізатараў, канферэнцыя будзе мець важнае значэнне для спрыяння тэхналагічнаму прагрэсу і распаўсюджвання ведаў, неабходных для паляпшэння здароўя, прафілактыкі хвароб і абароны экалогіі, а таксама для  культурных, рэлігійных і сацыяльных наступстваў гэтага. 

Гаворачы аб выключным значэнні падзеі, доктар Робін Сміт, старшыня “Тhe Cura Foundation” – аднаго з ініцыятараў канферэнцыі, – заўважыў, што яна стане сапраўдным глабальным форумам для сферы аховы здароўя, праводзячы паралель з Сусветным эканамічным форумам у Давосе.

На думку старшыні Папскай рады па культуры, кардынала Джанфранка Равазі, ватыканская канферэнцыя “дапаможа даць яснае пасланне свету, што шляхам абмену ведамі, супрацоўніцтва і разумення розных перспектыў можна спрыяць здароўю людзей і ахоўваць навакольнае асяроддзе ў этычным ключы, баронячы такім чынам чалавецтва, культуру і грамадства”.








All the contents on this site are copyrighted ©.