2018-02-28 10:52:00

Магчымы візіт Папы ў штаб-кватэру Сусветнай Рады Цэркваў


Францішак, верагодна, яшчэ у гэтым годзе наведае штаб-кватэру Сусветнай Рады Цэркваў у Жэневе. Гэта было пацверджана намеснікам кіраўніка Залы Друку Святога Пасаду. Палома Гарсія Авехера, адказваючы на пытанне журналіста аўстрыйскага каталіцкага агенцтва “Kathpress”, паведаміла, што дакладныя тэрміны пакуль не вядомыя. Здзейсніць візіт Пантыфіка запрасіла кіраўніцтва экуменічнай асацыяцыі.

Сусветная Рада Цэркваў (The World Council of Churches) святкуе сёлета свой 70-гадовы юбілей. Найбуйнейшая міжнародная экуменічная арганізацыя, заснаваная ў 1948 г. у Амстэрдаме, уключае каля 400 хрысціянскіх супольнасцяў з больш чым 100 краін, якія прадстаўляюць каля 400 мільёнаў вернікаў. Яе штаб-кватэра знаходзіцца ў Жэневе. 

Каталіцкі Касцёл не ўваходзіць у асацыяцыю, але яго прадстаўнікі працуюць як паўнапраўныя члены ў яе важных камісіях. Працуе змяшаная рабочая група ў складзе прадстаўнікоў Сусветнай Рады і Каталіцкага Касцёла.

Пантыфікі рэгулярна прымаюць кіраўніцтва экуменічнай асацыяцыі ў Ватыкане. Апошняя такога роду сустрэча прайшла ў жніўні 2017 г. Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі пастара Олафа Фюксэ Твейта, Генеральнага сакратара Рады. Гаворка ішла пра перспектывы міру і еднасці на Карэйскім Паўвостраве і ў Паўднёвым Судане.








All the contents on this site are copyrighted ©.