2018-02-28 11:48:00

Францішак заклікаў да малітвы за хрысціян Блізкага Усходу


Пантыфік у чарговы раз заклікаў да ўрэгулявання сітуацыі на Блізкім Усходзе. 28 лютага 2018 г. у Ватыкане, вітаючы арабамоўных вернікаў падчас агульнай аўдыенцыі, Францішак запрасіў маліцца за жыхароў Блізкага Усходу, і асабліва Сірыі, у якой ужо сем гадоў ідзе грамадзянская вайна. Ён адзначыў неабходнасць малітвы за хрысціян, якіх пераследуюць па прычыне іх веры, выганяюць з дамоў і радзімы, падвяргаюць дыскрымінацыі.

Грамадзянская вайна ў Сірыі – шматбаковы, шматузроўневы ўзброены канфлікт, распачаты вясной 2011 г. як лакальнае грамадзянскае супрацьстаянне, паступова перарос у паўстанне супраць рэжыму Башара Асада, у якое з цягам часу былі ўцягнуты не толькі асноўныя дзяржавы рэгіёну, але і міжнародныя арганізацыі, ваенна-палітычныя групоўкі і сусветныя дзяржавы.

Асноўнымі ўдзельнікамі канфлікту з’яўляюцца рэгулярныя ўзброеныя і ваенізаваныя фармаванні, якія выступаюць на баку прэзідэнта Асада, фарміраванні “ўмеранай” сірыйскай апазіцыі, курдскія регіяналісты, а таксама рознага роду ісламісцкія і джыхадзісцкія тэрарыстычныя групоўкі. Бакі канфлікту атрымліваюць ваенную дапамогу ад іншых краін: падтрымку урадавым сілам аказваюць Расія і Іран, сірыйскай апазіцыі – заходнія краіны і манархіі Персідскага заліва. 

Францішак выкарыстоўвае любую магчымасць, каб нагадаць пра неабходнасць урэгулявання канфлікту ў Сірыі. У сваім нядаўнім звароце да дыпкорпуса, акрэдытаванага пры Святым Пасадзе, ён нагадаў, што абарона права на жыццё мае на ўвазе актыўныя дзеянні па ўстанаўленні міру, падкрэсліўшы, што поўнае раззбраенне цесна звязана з цэласным развіццём. Спрэчкі паміж народамі не павінны вырашацца з дапамогай зброі, але толькі праз перамовы, сказаў Папа і заклікаў працягваць міратворчыя пачынанні на карысць Сірыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.