cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Святы Пасад \ Падзеі і дакументы

Ватыканскі часопіс пра праблемныя аспекты жаночай працы

Ватыканскі часопіс пра праблемныя аспекты жаночай працы - AFP

02/03/2018 16:15

Праблемным аспектам жаночай працы прысвечаны сакавіцкі нумар штомесячнага ватыканскага часопіса “Жанчыны. Касцёл. Свет”. Чарговы выпуск утрымлівае меркаванні спецыялістаў і разважанні аўтарытэтных асоб адносна няроўнасці ў аплаце мужчынскай і жаночай працы, адсутнасці належнага прызнання ўнёску жанчын у сацыяльна-эканамічную сферу, дыскрымінацыі на працоўным рынку і нават у рэлігійным асяродку.

Нумар адкрывае інтэрв’ю з эканамічным саветнікам Праграмы развіцця ААН Анурадхай Сэт, якая дае несуцяшальную ацэнку працэсу жаночай эмансіпацыі: гаворыцца шмат, але пошукі канкрэтных крокаў даюць “вельмі сумную карціну”, сцвярджае спецыяліст. Анурадха Сэт – ініцыятар запуску сайта “Фемінісцкая эканоміка”, пляцоўкі для дыялогу і абмену вопытам і ведамі паміж жанчынамі-эканамістамі з мэтай паступовай трансфармацыі свету ў больш справядлівы і раўнапраўны.

Асобны матэрыял прысвечаны неаднолькаваму прызнанню каштоўнасці мужчынскага і жаночага паклікання ў Каталіцкім Касцёле. Выказваецца занепакоенасць тэндэнцыяй успрымання працы законніц як заведама непатрабуючай аплаты, а іх памкнення да атрымання вышэйшай адукацыі і далейшага самаразвіцця як нечага, што супярэчыць іх місіі.

Сярод іншых артыкулаў – разважанні на тэму сурагатнага мацярынства, пададзеныя праз прызму нашумелага рамана-антыўтопіі “Гісторыя служанкі” амерыканскай пісьменніцы Маргарэт Этвуд, які апавядае пра свет ва ўмовах перамогшага “хрысціянскага фундаменталізму”, які пачынае сілай укараняць “сапраўдныя” хрысціянскія каштоўнасці, пазбаўляючы жанчын асноўных правоў і свабод.

Нарэшце, шэраг публікацый запрашае чытачоў у свет мастацкай і духоўнай літаратуры. Асобны матэрыял апавядае пра постаць нямецкай паэтэсы XX ст., лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Нэлі Закс.

Іншы крытычны артыкул прысвечаны “мужчынскаму” і “жаночаму” спосабу чытання і інтэрпрэтацыі старонак Бібліі. У якасці прыкладу прыводзіцца дыскусія адносна перакладу з грэчаскай мовы імені Юній, што сустракаецца ў Пасланні св. апостала Паўла да Рымлянаў (Рым 16, 7); робіцца спроба патлумачыць, хто стаіць за гэтым іменем і якія існуюць падставы, каб сцвярджаць, што насамрэч гаворка ідзе пра жанчыну.


02/03/2018 16:15